Правапіс·org

Сяргей Дубавец, 2003-05-2

Vostraja Brama: Mova-2000

Сяргей Дубавец

<img src=»typotelegraph1860.gif» width=»306» height=»72» alt=»Typotelegraph (fax prototype), 1860» />Калеґа неяк згадаў, што бачыў у адным амэрыканскім музэі факс 1918 году. Гэта акурат таго часу, калі рэвалюцыйны матрос у Расіі браў тэлеґраф, каб дабрацца да доўгіх папяровых стужак і тэлеґрафаваць Леніну. А ў Амэрыцы, бачыце, ужо пасылалі факсы.

А яшчэ мне давялося ў рэдакцыі ґазэты «Washington Post» бачыць лінатып канца 19 ст. — такі самы, на якім яшчэ ў 80-я гады рабіліся ў нас усе ґазэты. Цалкам магчыма, што і сёння застаўся дзе-небудзь такі — у раённай ці заводзкай шматтыражцы.

<img src=»linotype4.gif» width=»170» height=»200» alt=»Linotype» />Лінатып — гэта друкарская наборна-адлівачная машына, помнік тэхнічнай цывілізацыі, робат з рукамі, страўнікам і ротам… Вось балванка сплаву апускаецца ў кацёл, тымчасам клявіятура набірае латунныя літаркі-матрыцы ў радок. Матрыцы з лязгатам лятуць аднекуль зьверху, з барабанаў. І вось радок сабраны. Жалезная рука засоўвае яго ў пашчу лінатыпу, дзе радок адліваецца ў мэтал. Нешта сярэдняе паміж робатам-цацкай і робатам-касьмічным прыхаднем. Адно што перасоўвацца самі лінатыпы не ўмелі. Можа з-за гэтага і вымерлі. Як дыназаўры навукова-тэхнічнага праґрэсу. Разам з імі выйшла з ужытку і іхнае імя.

А пачаў я з факсу і лінатыпу — гэтых сымбаляў цывілізацыі, каб сказаць, што ХХ стагоддзе ў беларускай мове не адлюстравалася, не ўвайшло сваімі рэаліямі і зьявамі ў яе тканіну і кантэкст. Усе здабыткі цывілізацыі, якіх за мінулыя сто гадоў была процьма, мы называем запазычанымі словамі, чужымі нам паводле духу і літары. Гэтыя словы не належаць мове. Яны ёсць, а могуць і не быць, бо яны ёсць і ў іншых мовах — у расійскай, празь якую да нас прыйшлі, або ў ангельскай ці не мецкай, у якіх, як правіла, нараджаліся. Але аб’ём такой незасвоенай лексыкі ў беларускай мове расце, нібы тое чужароднае цела выцясьняючы ўсё астатняе, сваё. Бо расце вакол нас колькасць новых цывілізацыйных выгодаў. Усё большая частка моўнага цела замяняецца пратэзамі.

Так адбываецца зусім не таму, што беларускія навукоўцы нічога не далі сусьветнаму навукова-тэхнічнаму прагрэсу. З гэтым якраз праблемаў няма, пачынаючы яшчэ з ХІХ ст., калі ўвогуле не з сярэднявечча і сканчаючы сённяшнім днём. Але мова праґрэсу ні тады, ні цяпер — не беларуская. І ў гэтае зьявы прычына ўжо чыста палітычная. А менавіта русіфікацыя, у яе самых глыбінных падступных праявах, пра якія мы пагаворым у сённяшняй перадачы.

Пачнем са слоўніка, які дасць нам магчымасць увачавідкі агледзець лексычную карціну. З артаґрафічнага школьнага слоўніка беларускай мовы, у якім ХХ ст. не адлюстравалася амаль ніводным беларускім словам.

Ёсць, праўда, хрэстаматыйныя выключэнні, але іх, здаецца, усяго два. Гэта слова цемрашал , якім Кандрат Крапіва пераклаў расійскага мракобеса і слова хмарачос , якім не без насьмешкі пераклалі расійскіх небаскрёбаў — найперш амэрыканскую на той час зьяву. Праўда, са зьяўленнем леґальных праамэрыканскіх настрояў у беларускамоўнай публіцы зьявіўся і больш лагодны, паэтычны нават тэрмін. Хмарачосы сталі называць небасягамі.

У школьным артаґрафічным слоўніку маю ўвагу прыцягнулі тэрміны, якія пачынаюцца з «электра». Вось электрапыласос. Цікава, мы ніколі яго так не называлі. Магчыма, існавалі і нейкія іншыя пыласосы — мэханічныя, напрыклад, ці пнэўматычныя. Нехта надзімае мяхі, а нехта другі соўгае шчоткай па падлозе. Або — электрапрайгравальнік. Я так разумею — гэта пра вінілавыя адаптары, якія сыйшлі ў не быт, на масавым, прынамсі, узроўні. Беларуская мова нават не пасьпела ўсё гэта засвоіць, а яно ўжо і зьнікла. Электракамбайн, электралямпа, электратранспарт — проста заварожвала нашых людзей гэтае электра — яшчэ ў сямідзясятыя. Падобна як сёння заварожвае прыстаўка эўра -: эўрарамонт, эўрашыбы, эўрадзьверы… Ажно тая заварожанасць зьнікла кудысці, саступіўшы месца іншым страхоццям з будучыні. І яшчэ раз пацьвердзіўшы, што навукова-тэхнічны праґрэс — гэта толькі вонкавая праява, інфраструктура, якая не зьмяняе і не зьменіць сутнасці чалавека. Ажно мова, што ні кажы, мусіць засвойваць тэрміналёґію гэтага самага праґрэсу.

Вось цяпер — усеагульная кампутэрызацыя. Гэта ці не кампутары мы яшчэ ўчора называлі ЭВМ — электронна-вылічальная машына? Які-небудзь файл палякі называюць плік , а мы кажам — файл . Пры гэтым можна заўважыць, што амаль усе праґрамы ў менскіх карыстальнікаў — як правіла, рускамоўныя. Што Ўіндаўз , што Інтэрнэт Эксплорэр , што Ўорд . Хоць уласна расійскага ў іх не шмат. Кажуць: ты працуеш на пісі , а я на макінтошы . Што тут расійскага? А вось што — добраахвотны выбар. Бо калі няма свайго, чаму не карыстацца арыгіналам — ангельскімі праґрамамі? Спытайцеся пра гэта, і вам хто-небудзь абавязкова адкажа рытарычным лукашэнкаўскім «А зачэм?»

Што ЭВМ, што ВЦСПС у школьным слоўніку выглядаюць аднолькава, як рэчы аджылыя, забытыя, а ўжо цяперашняму школьніку і незразумелыя.

Ці можам мы суцяшацца тым, што празь дзясятак гадоў забудзецца і ўсё гэта? А можа і яшчэ раней. Давайце падумаем. Можа, захаваць мову на ўзроўні спрадвечнай лексыкі і не псаваць яе новатворамі. Урэшце, тое, што не зьмяняецца, не разьвіваецца, ніколі і не памірае.

У афіцыйную, «дэкарацыйна-сувэнірную» беларускую мову фактычна ўсе слоўныя навіны стагоддзя аўтаматычна пераносіліся з мовы расійскай, таму складанне тэрміналяґічных слоўнікаў часта ператваралася ў практыкаванне ў фанэтыцы.

А можа, гэта значыць, што тэхнічная цывілізацыя не прыняла нас? Ці што мы не прынялі яе? І яшчэ: ці трэба культуры засвойваць тое, што прамінае з часам? Магчыма, наша беларуская бязьдзейнасць у гэтай справе дасць нам нейкія дывідэнды ў будучыні?

Каб адказаць на гэта, я абраў два шляхі. Па-першае, ёсць такія сфэры жыцця, дзе культура і тэхналогія непасрэдна сутыкаюцца і ўзаемадзейнічаюць. Іншымі словамі, тэхнічная тэрміналёґія і паэтычнае слова тут часта тоесныя. Да прыкладу, у архітэктуры. Сяргей Харэўскі на маю просьбу падвёў вынікі шукання беларускага архітэктурнага стылю і адпаведнае лексыкі ў ХХ ст.».

(Сяргей Харэўскі: ) «ХХ стагоддзе блізу не кранула беларускі лексыкон будаўнікоў і дойлідаў. За цэлае стагоддзе беларусы не пасьпелі стварыць сваю нацыянальную школу архітэктуры.

Між тым, на самым пачатку стагоддзя такая задача ўважалася за адну з першых мэтаў нацыі. Яшчэ ў 1910-м годзе ў ананімным артыкуле, прысьвечаным нашай архітэктуры, «Да чытачоў» у Kwartalniku Litewskim прагучаў, да прыкладу, гэткi красамоўны заклiк: «Узораў i тэмаў да працаў будзем чарпаць найперш у нашай мiнуўшчыне, бо там ёсць адзiна чыстыя i сьвежыя крынiцы Душы…» Мо тады й была закладзеная прынцыповая памылка, бо заклік у мінуўшчыну зьвярнуў позіркі дойлідаў назад, а не наперад. У гэтым сэнсе паказальнае прызнанне менскага архітэктара Краснапольскага. Ён пiсаў у Tygodniku illiustrowianym , за 1912 год:

«Марачы аб стварэннi арыґiнальнай нацыянальнай архiтэктуры, я iду шляхам не мецкiх мадэрнiстаў, аднак, толькi ў тым сэнсе, што не кампiлюю з гатовымі стылямi, а ператвараю зьнешнюю форму, iмкнуся зразумець i захаваць Душу старажытных пабудоваў… Так я ствараю свае замкi i касцёлы».

Натуральна, ідучы «шляхам не мецкіх мадэрністаў», самі дойліды былі яшчэ далёкія ад моваторчасці, ад прыдумляння ўласных тэрмінаў. Аднак, яны паволі рухаліся ў слушным накірунку, усё часцей згадваючы першаснасць Душы. Менавіта яна, Душа Народа, а не эпіґонства стыляў мінуўшчыны, падказала, нарэшце, кірунак. Архітэктар Вітан-Дубейкаўскі, які выканаў першы праект касцёлу ў «беларускiм» стылi, пісаў:

«Заданне было даволi цяжкае, бо ў лiтаратуры анi тэхнiчнай, анi архiтэктанiчнай пра беларускi стыль не было нiякiх згадак. Але як рабіць — то рабіць. Глыбака ўдумаўся я ў заданне й запраектаваў касцёл у беларускім стылю. Не зусiм тут, праўда, мая заслуга — галоўна дапамаглi думы-думы з Душы Нашага Народа».

Дубейкаўскi распрацоўваў і ўласную будаўнічую тэрміналёґію й сыстэматызаваў сваю тэорыю беларускага стылю ў кнізе «Рэформа беларускага дзераўлянага дойлідзтва».

Тымчасам у Коўне, у 20-30-я гады, працаваў над беларускай тэрміналёґіяй слынны беларускі дойлід Дуж-Душэўскі. Ён рэдагаваў і выдаваў за свае грошы часопiс «Тэхнiка i гаспадарка». А таксама выдаў беларускія падручнiкі па будаўнiцтву й архiтэктуры. Але й ягоныя высілкі паглынуў не быт… Бо да Бацькаўшчыны яны не дайшлі. У Менску таксама рабіліся спробы стварыць новую беларускую тэрміналёґію, вывучаць нацыянальнае дойлідзтва. Тэрміналяґічная камісыя пры Інбелкульце рыхтавала й асобны слоўнічак. Але ў ім адпала патрэба разам з канцом беларусізацыі. Адзіная, да вайны, кніга па-беларуску, якая тычылася дойлідзтва, выйшла ў 1928 годзе. Гэта быў першы том «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва» Шчакаціхіна. Наступная ж кніга на гэтую тэму выйшла амаль праз паўстагоддзя, толькі ў 1973 годзе. Гэта кніга Чарняўскай пра архітэктуру Магілёва. Заўважу, што Шчакаціхіна і Чарняўскую лучыць не толькі любоў да беларускае архітэктуры, але й тое, што яны родам з Масквы.

Сваіх дойлідаў у Беларусі пачалі навучаць толькі з 1952 году, на сціплым будаўнічым факультэце ў Палітэхнічным інстытуце. Натуральна, чужыя выкладчыкі. Да гэтага ж часу цэнтры беларускіх гарадоў ужо былі дашчэнту перабудаваныя савецкімі архітэктарамі з Масквы й Ленінграду. Ідучы па Скарынаўскім праспэкце, які запраектавалі тыя самыя спэцыялісты з Расіі, а пачалі будаваць палонныя немцы, я зноў згадваю тых, хто заклікаў выдумляць беларускі стыль з Душою Народа. Самыя буйныя архітэктурныя ансамблі ХХ стагоддзя ў Беларусі нічога супольнага з той Душою так і не займелі. Што такое «беларускі стыль» не ведама й дасюль. Бо, перадусім, як прарочыў Багушэвіч, мова ёсць адзежа Душы».

Галоўным клопатам моватворцаў заўсёды было супрацьстаяць уплыву пануючай на працягу стагоддзяў культуры — не мецкай у чэхаў, польскай і расійскай — у літоўцаў, не мецкай і расійскай — у эстонцаў.

(Сяргей Дубавец: ) «Ці трэба культуры засвойваць тое, што прамінае з часам? Сяргей Харэўскі даў на гэтае пытанне станоўчы адказ, агледзеўшы беларускую архітэктурную тэрміналёґію, якая адначасова культурная і тэхнічная. Яшчэ адзін спосаб адказу на пастаўленае пытанне — гэта агляд моўнае практыкі і моўнага досьведу нашых суседзяў. Такі агляд я папрасіў зрабіць Сяргея Шупу».

(Сяргей Шупа: ) «Галоўным клопатам моватворцаў заўсёды было супрацьстаяць уплыву пануючай на працягу стагоддзяў культуры — не мецкай у чэхаў, польскай і расійскай — у літоўцаў, не мецкай і расійскай — у эстонцаў. Сродкі ўжываліся розныя. Найперш актывізаваліся ва ўжытку старыя і даўно забытыя словы, пераглядаліся багацці народных гаворак, а таксама ўтвараліся новыя словы ад наяўных каранёў. Так, прыкладам, чэская мова займела шмат сваіх спэцыфічных словаў, якіх няма ў іншых мовах. (Памятаю, як аднойчы з сябрамі мы спрабавалі адкаркаваць бочку з чэскім півам, але не здолелі разабраць інструкцыі, дзе ўсе словы былі спрэс славянскія. Давялося прапароць бочку нажом і абліцца півам з ног да галавы.) Чэхі не шчадна перакладалі й перакладаюць звыклыя нам інтэрнацыяналізмы: «цэнтральны камітэт» — «ustredni vybor», «патрыёт» — «vlastenec», «радыё» — «rozhlas», «нумар» — «cislo», «кампутар» — «pocitac», «файл» — «soubor».

Моўная камісія рэкамэндуе замест чужынскіх «гамбургер» і «гот-дог» ужываць наватворы «mesainis» і «desrainis», што па-нашаму больш-менш гучала б як «мясень» і «каўбасень».

У польскай мове хваля пурызмаў была меншая, аднак, прыкладам, цалкам спольшчаная некалі была ўся тэхнічная тэрміналогія, у якой амаль не знайшлося месца не мецкім, францускім ці ангельскім тэрмінам, якія, прыкладам, прыжыліся ў расейцаў, дзе пурызм заўсёды лічыўся нечым непрыстойным. Вось жа «дроссель» у палякаў — «dlawik», «парашут» — «spadochron», «танк» — «czolg», а «шарыкападшыпнік» — «lozysko kulkowe».

Літоўская мова дагэтуль спрабуе супрацьстаяць наплыву барбарызмаў, і адмысловая моўная камісія пры Літоўскім Сойме, прыкладам, рэкамэндуе замест чужынскіх «гамбургер» і «гот-дог» ужываць наватворы «mesainis» і «desrainis», што па-нашаму больш-менш гучала б як «мясень» і «каўбасень». Прыгожае слова прыдумана для гелікоптэра — «malunsparnis», «млынакрыл».

Самыя дзівосныя рэчы адбываліся ў эстонскай мове, дзе на пачатку ХХ стагоддзя актыўна ўжываўся самы рэдкі спосаб словатворчасці — стварэнне каранёў зусім з галавы. Так узьніклі звычайныя сёння словы «relv» — «зброя» ці «laip» — «нябожчык». А ў 60-я гады Таварыства Эстонскай Мовы пачало нават рэґулярна абвяшчаць конкурсы на стварэнне новых словаў, у якіх бяруць удзел самыя шырокія колы грамадзтва. Што самае цікавае — шмат якія з прыдуманых словаў прыжываюцца, накшталт «teabe» — «інфармацыя», або «raal» — «ЭВМ». Апошняе слова, дарэчы, таксама ўзята з галавы. Проста гучыць прыгожа і па-эстонску».

(Сяргей Дубавец: ) «Сяргей Шупа распавядае пра моватворчасць у нашых суседзяў. З пункту гледжання самое грамадзкае атмасфэры ў сённяшняй Беларусі гэта справа неабавязкова, калі нават не лішняя. Але бяруся сцьвярджаць, што менавіта ў такіх клопатах чалавечая асобіна ператвараецца ў чалавека. Зрок робіцца танчэйшым, адчуванне свайго, найбольш адэкватнага сабе робіцца вастрэйшым, зьяўляецца ўменне цаніць абстрактныя, быццам бы, інтэлектуальныя каштоўнасці. Гэтак найбольш дарагой выглядае кніга, ахайна дагледжаная ў вясковай хаце. Адваротны прыклад — калі кажуць, што дармаеды-пісьменнікі ядуць хлеб працоўнага народа. На жаль, у цяперашняй Беларусі пашыраецца якраз адваротны прыклад.

Паводле прынцыпу «абы не па-расійску», пачалі запускацца слоўцы накшталт «пляшка» замест «бутэлька», «гаўбец» замест «балкон», «лейцар» замест «штопар», «крама» замест «магазін», «чыюк» замест «папугай»

З сказанага зразумела, чаму так істотна разгледзець прэцэдэнты беларускае моватворчасці, якія ў сваіх зародках былі нічым не горшыя, чым у суседзяў. Сяргей Шупа працягвае:

(Сяргей Шупа: ) «Якім было ХХ стагоддзе ў беларускай мове, відаць, доўга тлумачыць не трэба. За выняткам 20-х гадоў, калі палітыка і мова ў нас ішлі больш-менш поплеч і адбываліся падобныя да апісаных вышэй працэсы, беларуская мова не жыла паўнакроўным жыццём дзяржаўнай мовы нацыянальнай дзяржавы. Яе ў шматлікіх функцыях замяніла расійская, і ў штодзённым жыцці беларусы назіралі за расійскімі працэсамі новага называння. У афіцыйную, «дэкарацыйна-сувэнірную» беларускую мову фактычна ўсе слоўныя навіны стагоддзя аўтаматычна пераносіліся з мовы расійскай, таму складанне тэрміналяґічных слоўнікаў часта ператваралася ў практыкаванне ў фанэтыцы —трэба было толькі запісаць расійскае слова па-беларуску.

Калі ў 70-80-х гадох літаратурная, гарадзкая беларуская мова зноў рэальна зажыла ў новых жывых беларускіх колах, пачалася і моватворчасць, прадыктаваная патрэбамі штодзённага жыцця. Так, паводле прынцыпу «абы не па-расійску», пачалі запускацца слоўцы накшталт «пляшка» замест «бутэлька», «гаўбец» замест «балкон», «лейцар» замест «штопар», «крама» замест «магазін», «чыюк» замест «папугай» ды шмат чаго іншага. Словы «сьвятар», «спадар», «выканкам», «тэлефанаваць» ад тых часоў пачалі гучаць нават у афіцыйных радыё і тэлевізіі ды нават трапілі ў слоўнікі. У ранейшых слоўніках такіх словаў або не было зусім або яны пазначаліся абласнымі, састарэлымі, прастамоўнымі.

Аднак моваабнаўленне ХХ стагоддзя ў беларускай мове так і не рэалізавалася поўнасцю. Лексычнае наватарства не спынілася і магло б стацца цікавай тэмай культурнага дыскурсу. Колькі прадметаў і паняццяў нашага штодзённага побыту яшчэ чакаюць свайго прыдатнага беларускага наймення — усе гэтыя «батарэі ацяплення», «унітазы», «пад’езды», «лесьвічныя пляцоўкі». Аднаўленне сусьвету ў беларускай мове — прыгожая справа для новага тысячагоддзя».

(Сяргей Дубавец: ) «У школе першым прыкладам нэаляґізму называлі касманаўта . Маўляў, разам са зьяўленнем новых рэаліяў зьяўляюцца і новыя словы. Гэта так, але ўсе, бадай, без выключэння нэаляґізмы ў беларускай мове былі нэаляґізмамі расійскай мовы, безь якой-кольвек істотнай адаптацыі. Больш таго, узятыя з піетэтам да расейшчыны. Згадайма, што словы большэвік або совет , альбо комунізм сьпярша так і пісалі па-беларуску — праз «о». Гэта значыць, што засваення або адлюстравання ў мове новых рэаліяў жыцця папросту не было. Люстэрка мовы было ў ХХ ст. завешанае, як завешваюць люстэрка ў хаце, у якой ёсць не божчык.

Як бачым, і палякі, і літоўцы па крупіцах лепяць сучасны вобраз сваіх моваў, імкнуцца ўводзіць гэтыя мовы і ў кампутар, і на біржу — балазе паўсюль гэта рэґлямэнтуецца і законамі аб мове. У Эстоніі конкурсы нэаляґізмаў праводзяцца з шасцідзясятых гадоў. А ў Польшчы гадоў пяць таму велізарны конкурс праводзіла «Ґазэта Выборча». Высьвятлялі, да-прыкладу, як можа па-польску гучаць сэкс-шоп . Для беларускай рэальнасці такія ўсенародныя ініцыятывы выглядаюць, згадзіцеся, дзіўнавата. Чаму?

Адказ знаходзім у іншым баку. Дзіўнавата гэта ўсё выглядае і ў расійскай рэальнасці. Ад спробы ўводзіць нэаляґізмы ў пачатку стагоддзя засталіся хіба што анэкдоты пра лапці-макраступы. У цэлым жа Расія традыцыйна бярэ заходнеэўрапейскую лексыку, не надта яе перарабляючы. Прычына гэтага ва ўсьведамленні велічы нацыі і дзяржавы. А гэтая веліч спараджае сон душы. Заклапочаны ў такой сытуацыі толькі невялікі, якому праз усю гісторыю стаіць праблема выжывання. Безумоўна, гэтаксама як літовец або чэх мусіў бы паводзіць сябе і беларус. Але беларус — у полі расійскага сну.

Гэтай расслабленасцю, якая прыйшла да нас з русіфікацыяй тлумачыцца, дарэчы, не толькі стаўленне да сваёй мовы, але й да гісторыі, і, калі хочаце, да палітыкі, гаспадаркі. Урэшце да сябе самога. У вялікім і малым. Можа быць, якраз гэта і ёсць самая сапраўдная русіфікацыя — паралюш волі і жаданняў».


Copyright © 2003. RFE/RL, Inc. Reprinted with the permission of Radio Free Europe/Radio Liberty, 1201 Connecticut Ave., N.W. Washington DC 20036. www.rferl.org

    • Сяргей Дубавец