<img src=»david_star.gif» width=»163» height=»157» alt=»David Star» />У канвэнцыях клясычнага правапісу («тарашкевіцы») і ў жывой беларускай мове дасавецкага часу гэтае слова было адзіным назовам народу, лёс якога за стагоддзі супольнага жыцця цесна пераплёўся з беларускім. У гэтым сэнсе Беларусь належала таму самаму эўрапейскаму арэалу, што й Польшча, Літва ды іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, дзе словы Zyd , Zydas не маюць ніякага абражальнага або адмоўнага адцення.
Гвалтоўная русыфікацыя падсавецкай Беларусі надала беларускаму слову жыд зусім іншае гучанне — у расійскамоўным кантэксце яно ўспрымаецца гэтаксама як і адпаведнае расійскае, безумоўна абразьлівае, слова.
Апошнімі дзесяцігоддзямі вяртанне да клясычнага, несавецкага варыянту беларускай мовы зноў паставіла пытанне аб статусе слова жыд — аб тым як вярнуць яго ва ўжытак, не крыўдзячы самых прадстаўнікоў гэтага народу. Праблемай найчасцей паўставала тое, што апошні раз замена савецкага яўрэй на несавецкае жыд адбылася ў надзвычай трагічны для нашых народаў час Другой сусьветнай вайны, што нямагло не выклікаць у сённяшніх людзей балючых асацыяцыяў. З другога боку ўспрыманне гэтага слова залежыць і ад таго, кім лічыць нас, беларусаў — асобным усходнеэўрапейскім народам (як палякі або літоўцы), або нейкімі «малодшымі братамі» расейцаў і мову нашую — толькі адгалоскам расійскай з усімі яе сэнсавымі асацыяцыямі.
Гэтая дылема, аднак, дагэтуль застаецца не вырашаная, а прыхільнікі клясычнага правапісу часта, каб пазьбегнуць канфрантацыі, ужываюць словы гэбрай, гэбрайскі. Слова жыд загінула ў полымі Галакосту, слова яўрэй — на руінах савецкай імпэрыі.
«Вы ўскрэсьнеце, Жыды, услед за Беларусяй», — спадзявяўся Янка Купала ў 1919 годзе. Гэтаму прароцтву не было наканавана збыцца. Другая сусьветная вайна ў Беларусі забрала ў не быт цэлы культурны кантынэнт беларускага жыдоўства (задумаемся, чым рэальна напоўненая вядомая ўсім формула «кожны чацьверты»). Гэты кантынэнт зьнік як Атлянтыда. Ягонымі спадкаемцамі застаемся мы ўсе.
- Сяргей Шупа