Правапіс·org

Аліса Бізяева, 2002-06-4

Адам Воршыч

<img src=»jan_stankevich1.jpg» class=»zv» width=»480» height=»355» alt=»Jan Stankievich — Belarusian linguist» />Двухтамовік працаў Янкі Станкевіча, які не даўна пабачыў сьвет, абудзіў вялікую цiкавасць да асобы гэтага беларускага мовазнаўцы і да ягоных твораў. Кніга імкліва прабіваецца ў сьпіс беларускіх бэстсэлераў: прадаўцы менскіх кнігарняў кажуць, што распрадаецца збор твораў вельмі хутка. Рэдактар двухтомніка Валеры Булгакаў зазначае, што за тры тыдні прадалося каля 300 асобнікаў. Адным з першых пакупнікоў кнігі, паводле неафіцыйнай інфармацыі, быў Аляксандар Фядута.

Пра Янку Станкевiча расказвае навуковы кансультант збору твораў Юрась Бушлякоў: «Станкевіч — маштабная фігура ў беларускiм руху ХХ ст., сымбаль і галоўны ідэоляг беларускага моўнага пурызму. Ён пражыў 85 гадоў і доўгую частку свайго жыцця (год 60) аддаў даследаванню беларускай мовы. Станкевiча можна параўнаць з такімі выдатнымі дзеячамі ў гісторыі станаўлення літаратурных моваў, як Ёсаф Добраўскi ў Чэхii ці Вук Караджыч у Сэрбіі».

«НН»: У чым сутнасць Станкевічавага погляду на мову?

Юрась Бушлякоў: Станкевiч iмкнуўся «вывесцi ў сьвет» найдрабнейшыя адметы жывой народнай мовы. Пры магчымасцi выбару ён аддаваў перавагу словам і канструкцыям, адсутным у блiзкароднасных мовах. Ён даваў шанец праявiцца ў лiтаратурным ужытку шматлiкiм фанэтычным зьявам, граматычным формам, сотням словаў, не засвоеных беларускай пiсьмовай традыцыяй. Так, ён адстойваў формы з цьвёрдым [л] перад суфiксамi -ц-, -ств- i -к- (колца, салца, палцы, круцелства, прыяцелка, зашпiлка) i крытыкаваў Тарашкевiча за iгнараванне iх у «Беларускай граматыцы». Папаўняў лексычны фонд мовы, прапануючы варыянты нават для найбольш частотных словаў (пераз ‘праз’, бодка ‘пункт, кропка’, жарало ‘крынiца’, кулёк ‘куртка’, супар ‘супернiк’, укульмiцца ‘засяродзiцца’ i г.д.).

І ўсё ж Станкевічаў пурызм нельга прызнаць за максымальны. Даследчык не вёў, як пурысты вугорскiя, iсляндзкiя цi iранскiя, барацьбы з агульнаўжывальнымi iнтэрнацыяналiзмамi, дапускаў i сам уводзiў паасобныя калькi. Калькуючы, найчасцей браў за ўзор словы з заходнеславянскiх моваў (так зьявiлiся, да прыкладу, самагук ‘галосны’, сугук ‘зычны’, паранец ‘сасiска’, даймо ‘ўражанне’ i паймо ‘панятак’).

За сваё доўгае жыццё Станкевiч здолеў сёе-тое прышчапiць беларускай мове. Прыкладам, ягонымi стараннямi нормаю новаклясычнага правапiсу стала з 1930-х пазначэнне мяккасцi ў прыназоўнiках на -з перад мяккiмi зычнымi: з неба, бязь месца, празь яго. Шмат якiя папулярызаваныя ім словы ўвайшлi ў лексычны фонд лiтаратурнай мовы ў мiжваеннай Заходняй Беларусi, ужывалiся рэгулярна ў мове паваеннай эмiграцыi, нарэшце, апошнiя 10—15 гадоў памалу замацоўваюцца ў мове мэтраполii (меншыня, гаспадарства, задзiночанне, зацемка, конадзень, собскi i г.д.).

«НН»: У 30-я Станкевіча ў беларускім друку часцяком называлі «Янка-спадар». Вядома, што менавіта Станкевіч увёў слова спадар у карыстанне…

Юрась Бушлякоў: Пошукі формы ветлага звароту актыўна вялiся ў нас у першай трацiне ХХ ст. Былi пан i панi, але за імi ішло «клясавае» значэнне. Маглi прэтэндаваць на ўнiвэрсальны статус i васпан з васпаняй, i ягомасць або ягамосць, але не займелi шырокай падтрымкi. Бяз вынiку засталiся й спробы эсэраў унiвэрсалiзаваць формы грамадзянiн i грамадзянка. Саветы прыладзiлi былi пад дыстанцыйны зварот даўняе слова таварыш — праз гэта ў БССР пашырэнне нейкай з гiстарычных нацыянальных формаў сталася немагчымае. У 1920-я ў Заходняй Беларусi была яшчэ тэндэнцыя ажыўляць у ролi звароту слова гаспадар. Вацлаў Ластоўскi схiляўся да гаспадара, дапускаючы, праўда, пры гэтым i форму спадар. Станкевiч зрабiў адназначную стаўку на спадара, спадарыню, спадарычну ды спадарства. З 1925 г. узяўся ён папулярызаваць спадара — апрабоўваў зварот у прыватным лiставаннi, з тым самым Ластоўскім. Адначасна вывучаў факты ўжывання зваротаў у старабеларускай мове, спрабаваў разьмежаваць значэннi словаў гаспадар i спадар.

Заходнебеларуская публiка першым часам не прыняла спадара. Станкевiч умеў стаяць на сваiм — так i нажыў сабе мянушку. Максім Танк прыпамінаў у «Лісткох календара», як у 1930-я гады ў Вiльнi сустракаўся з Станкевічам. У Танкавым тэксце таксама ёсць гэтае «Янка-спадар»… Але да канца 1930-х слова спадар пачало ўспрымацца ў Заходняй Беларусi як нешта магчымае для агульнанацыянальнага ўжытку. У 1940-я ў несавецкай маўленчай, пiсьмовай практыцы спадар, спадарыня, спадарства прынялiся.

«НН»: У чым яшчэ значнасць Станкевіча як філолага?

Юрась Бушлякоў: Ён аспрэчваў культываваны ў СССР тэзыс пра зыходнае дыялектавае адзiнства ўсходнiх славянаў, казаў пра выдзяленне беларускай мовы беспасярэдне з праславянскае. Каштоўныя ягоныя працы з лiнгвагеаграфii — даследаваннi межаў беларускай моўнай прасторы. Адным з першых у ХХ ст. узяўся Станкевiч вывучаць мову кiтабаў — расшыфраваў i адкамэнтараваў «Аль-Кiтаб» ХVІІ cт., знойдзены Іванам Луцкевiчам паблiзу Вiльнi. Станкевiч арыгiнальна iнтэрпрэтаваў нашыя антрапонiмы. «Хрышчоныя ймёны вялiкалiтоўскiя (беларускiя)» — яго найважнейшая праца ў гэтай галіне. не стомны ён быў таксама лексыкограф — пачынаў у гэтай дзялянцы, дапамагаючы Максiму Гарэцкаму рыхтаваць да друку «Невялiчкi беларуска-маскоўскi слоўнiк». А як не сказаць, што Станкевiч — найпатрабавальнейшы аналiтык айчыннай моватворчасцi ХХ ст.: надзвычай цiкавая, прыкладам, ягоная рэцэнзiя на граматыку Тарашкевiча.

Паводле маiх падлiкаў, ён — аўтар каля 40 кнiжных выданняў i звыш 100 артыкулаў. Умовы, у якіх Станкевічу давялося жыць і працаваць, найчасцей скіроўвалі яго на папулярызацыйную дарогу. Найважнейшае было — папулярызаваць беларускі матэрыял. І ён рабіў гэта ўтрапёна.

«НН»: Якім чынам ішла тая папулярызацыя?

Юрась Бушлякоў: Праз артыкулы ў газетах, праз даступныя i шкаляру, i работнiку, выдаваныя часта за свае грошы брашуркi, праз «зборкi дзеля чысцiнi беларускае мовы», якiя Станкевiч вёў у 1930-х у Вiльнi, а ў 1950-х — у Нью-Ёрку.

У 1918 г. на бачынах вiленскага «Гоману» ён заклiкаў суайчыннiкаў культываваць беларускiя формы тапонiмаў, гiдронiмаў, пiсаць Менск, Горадня, Слуцак, Нёман, унiкаючы формаў калянiяльнага часу. Каб не Станкевiч, не ведама, колькi б яшчэ трымаўся Мiнск у тагачасных беларускiх выданнях…

Папулярызацыйная Станкевiчава практыка працягвалася i ў часопісе «Родная мова», які выдаваўся ў 1930—31 г. у Вільні. Гэта было першае беларускае спэцыялізаванае мовазнаўчае выданне, аўтарскі праект Янкi Станкевiча. Аўтар жменямi падаваў у часопiсным «Слоўнiчку» сьвежыя словы, абгрунтоўваў iх правы на шырэйшы ўжытак.

У эмiграцыйную пару добрую магчымасць папулярызаваць новыя формы й словы Станкевiч меў дзякуючы «Кутку мовы» ў мюнхенскiм тыднёвiку «Бацькаўшчына». Янку спрыяў ягоны пляменнiк Станiслаў Станкевiч, рэдактар «Бацькаўшчыны».

«НН»: Як на эміграцыі ўспрымалася моватворчая дзейнасць Станкевіча?

Юрась Бушлякоў: Па-рознаму. У яго былі як адкрытыя прыхільнікі, так і непрыяцелі. не рэдка яму пярэчылi, былi выпадкi, калi папросту iгнаравалi, ён жа вёў справу свайго жыцця так, як лiчыў гэта патрэбным. У 1970-м, маючы пад 80 гадоў, кiнуў клiч аб стварэннi на эмiграцыi мовазнаўчага часопiсу. Клiч застаўся без адказу. А праз тры гады пасля гэтага Станкевiч сам вярнуў да жыцця выдаваную ў 50-х «Веду» — каб быў-такi часопiс пра мову. Палемiзавалi з iм публiчна Юрка Вiцьбiч, Масей Сяднёў, Леанiд Галяк. Далёка не заўсёды салiдарызаваўся з Станкевiчам Антон Адамовiч, хоць моватворчыя канцэпцыi iхныя былi вельмi блiзкiя. Вiтаўт Кiпель у кнiзе «Беларусы ў ЗША» прызнаў, што яны абодва, Станкевiч i Адамовiч, зрабiлi найбольшы ўплыў на ўстанаўленне нормаў мовы эмiграцыйнага друку. Прыкметная ўвага была i з боку ўкраiнцаў. Станкевiча не раз рэцэнзаваў прафэсар Панцеляймон Кавалёў. Зрабіў нават агляд выдадзенага ў Рэгенсбурзе ў 1947 г. «Падручнiка крывiцкае (беларускае) мовы». У тым падручніку — рэглямэнтаваныя Станкевічам нормы паводле стану на 1947 г.

«НН»: А чым адметны ягоны пераклад Сьвятога Пісьма?

Юрась Бушлякоў: Станкевiчава «Сьвятая Бiбля» — першы поўны беларускi тэкст Бібліі ў ХХ ст., перакладзены ім разам з пастарам Масеем Гітлінам. У тэксце вельмi актыўна выкарыстаная старабеларуская i рэгiянальная лексыка. Найперш за лексыку i крытыкавалi пераклад у эмiграцыйным грамадзтве. Асаблiва гнеўна — архiмандрыт Леў Гарошка. Затое, кажуць, Станкевiчаву «Бiблю» любіў Уладзімір Караткевіч: яго якраз цешылі тыя адметныя беларускія формы.

© газета «Наша Ніва», 2002

    • Аліса Бізяева