(1858-1922)
Джэк Фэлман
Пераклад rydel n23
<img src=»benyehuda2.jpg» width=»158» height=»217» alt=»Ben-Yehuda» />У сваёй наватарскай працы пра адраджэнне і адраджэнцаў моваў, выдадзенай у 1966 годзе, амэрыканскі лінгвіст Эйнар Хаўген напісаў: «Практычна заўсёды ля вытокаў гэтых рухаў стаіць адзін энтузіяст, які лепш за іншых бачыць незадаволенасць свайго народу. Гэткія выхадцы з народу, чыя мова апынулася ў заняпадзе, матывуюць працу па адраджэнні мовы не толькі чыста інтэлектуальнымі інтарэсамі – яны робяць унёсак у барацьбе за вызваленне народу, зрабіўшы мову паўстанцкай зброяй і сымбалем еднасці». У адраджэнні іўрыту, якое сталася адной з самых выбітных падзеяў у сучаснай лінгвістыцы, гэтым піянэрам стаў Эліэзэр Бэн-Егуда.
Эліэзэр Бэн-Егуда (Эліэзэр Ітцхак Пэрэльман) нарадзіўся <span id=»luzki»></span><a href=»#luzki_foot» title=»націсьні, каб пачытаць спасылку»>ў беларускім мястэчку Лужкі1</a> 7 студзеня 1858 году. Як амаль усе тагачасныя жыдоўскія дзеці ў гэтых краёх, ён з маленства вывучаў старажытную гэбрайскую мову (іўрыт) — абавязковы элемэнт у рэлігійным выхаванні. Ён выдатна вучыўся, і яго накіравалі ў вышэйшую рэлігійную вучэльню (ешыву), вучыцца на рабіна. Аднак, як і многіх іншых адораных маладых гэбраяў у тагачаснай Усходняй Эўропе, яго прывабіла сьвецкае жыццё — ён прамяняў ешыву на расійскую гімназію, якую скончыў экстэрнам у 1877 годзе. У той самы год Расія абвесціла вайну супраць Атаманскай імпэрыі, каб дапамагчы сваім славянскім суродзічам — баўгарам атрымаць незалежнасць ад туркаў. Ідэя вяртання баўгарам іхных правоў і адраджэння баўгарскага народу на нацыянальнай глебе захапіла Бэн-Егуду. У 19 стагоддзі ўжо адрадзіліся колькі эўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў, у першую чаргу гэта нашчадак Атэнаў — Грэцыя (у 1829 годзе), а таксама нашчадак старажытнага Рыму — Італія (у 1849). Бэн-Егуда быў надзвычай уражаны гэтымі падзеямі і прыйшоў да высновы, што эўрапейская канцэпцыя самасцвярджэння нацыяў павінна быць ужытая і ў дачыненні да ягонага народу, <span id=»zyd»></span><a href=»#zyd_foot» title=»націсьні, каб пачытаць спасылку»>жыдоў2</a> . Ён быў перакананы, што калі нават баўгары, якія не належаць да нацыяў «клясычнай» старажытнасці, маглі патрабаваць і дабіцца сваёй уласнай дзяржаўнасці, то ўжо, тым болей, гэтага заслугоўваюць гістарычныя нашчадкі Ерусаліму, Біблейскі народ — жыды. Праўда, жыдоў у Эрэц-Ісраэль у 19 стагоддзі было зусім мала, а старажытная гэбрайская мова (іўрыт) фактычна ўжывалася толькі на пісьме, а не ў размоўным ужытку. Аднак Бэн-Егуда верыў, што гэтыя перашкоды магчыма пераадолець. Жыды павінны вярнуцца на сваю зямлю і ізноў загаварыць на сваёй мове.
Натхнёны гэтымі ідэямі, Бэн-Егуда вырашыў сам пераехаць у Палестыну. Ён пакінуў расійскую імпэрыю ў 1878 годзе і спачатку вывучаў мэдыцыну ў Парыжы, каб у будучыні быць карысным для гэбрайскай грамады ў Палестыне. З прычыны кепскага здароўя (сухоты) Бэн-Егуда не здолеў скончыць свае студыі, але гэта зусім не аслабіла ягоных перакананняў, і ў 1881 годзе ён прыехаў у Палестыну, каб пачаць адраджэнне іўрыту паводле сваіх ранейшых плянаў. Яшчэ падчас знаходжання ў Эўропе ён глыбока прадумваў пытанне адраджэння і надрукаваў у гэбрайскіх часопісах колькі артыкулаў што да трайнога пытання: адраджэнне гэбрайскай нацыі, іхнай дзяржавы і мовы. Можна казаць, што гэныя раннія артыкулы сталіся падмуркам сучаснага палітычнага сыянізму, бо яны ўлучалі ў сабе асноўныя элемэнты гэбрайскага нацыяналізму: палітыка засялення, адраджэнне іўрыту, гэбрайскай літаратуры і культуры на гістарычнай Бацькаўшчыне. Бэн-Егуда пасяліўся ў Ерусаліме, дзе, у розных грамадах, жыла пераважная большасць жыдоў Палестыны, і з гэтай прычыны Ерусалім мусіў стацца цэнтрам распаўсюджвання ідэяў адраджэння па ўсяе Палестыне і сярод Дыяспары.
Бэн-Егуда распрацаваў некалькі плянаў дзеяння. Тры самыя галоўныя пункты былі наступныя: «Іўрыт удома», «Іўрыт у школе» і «Словы, словы, словы».
Бэн-Егуда вырашыў размаўляць з кожным напатканым жыдом толькі на іўрыце.
Што да «Іўрыту ўдома», то яшчэ да ад’езду ў Палестыну, у выніку першай пасьпяховай працяглай размовы на іўрыце, Бэн-Егуда вырашыў размаўляць з кожным напатканым жыдом толькі на іўрыце. Наколькі вядома, гэтая першая размова адбылася ў кавярні на парыскім бульвары Монмартр з удзелам ці то Гецэля Зэліковіча, ці то Мардэхая Адэльмана. Переканаўшыся, што з сябрамі ды знаёмымі ён можа пасьпяхова размаўляць на іўрыце, Бэн-Егуда вырашыў, што будзе карыстацца выключна іўрытам па прыбыцці ў Палестыну. Трэба заўважыць, што гэта не мусіла складаць для яго ніякіх цяжкасцяў, калі толькі не браць пад увагу недахоп слоўнікавага запасу па пэўных тэмах. Бэн-Егуда з вялікім энтузіязмам апісвае свае першыя размовы на іўрыце, калі ён з жонкай сышоў на бераг у Хайфе і гаварыў на іўрыце з абменшчыкам грошай, з карчмарам, з ізвозчыкам. Ён напаткаў людзей, якія маглі даволі свабодна размаўляць на іўрыце, хоць і з памылкамі. Але Бэн-Егуда хацеў, каб жыды ў Палестыне размаўлялі выключна на іўрыце. Такім чынам, калі ў яго ў 1882 годзе нарадзіўся першы сын Бэн-Цыён Бэн-Егуда (больш вядомы як Ітамар Бэн-Аві), Бэн-Егуда прымусіў сваю першую жонку Дэбару даць абяцанне, што яна ўзгадуе першага ў гісторыі сучаснасці хлопчыка, які будзе размаўляць толькі на іўрыце.
Бэн-Егуда прымусіў сваю першую жонку Дэбару даць абяцанне, што яна ўзгадуе першага ў гісторыі сучаснасці хлопчыка, які будзе размаўляць толькі на іўрыце.
Бэн-Егуда меркаваў, што гэта было б вельмі сымбалічна і вельмі важна для будучага адраджэння. І бацькі гэтага дзіцёнка, і іхныя госці мусілі размаўляць з ім на іўрыце, прычым на вельмі розныя пабытовыя тэмы. А калі хлопчык урэшце загаворыць сам, Бэн-Егуда атрымаў бы жывы доказ таго, што поўнае адраджэнне мовы сапраўды магчымае.
Бэн-Егуда пісаў у прадмове да свайго слоўніка: «Калі можна адрадзіць мову, на якой перасталі размаўляць (і ад яе амаль нічога не засталося, як з нашай мовай), і зрабіць яе размоўнай, каб на ёй мог сказаць усё што пажадае, хаця б адзін чалавек, то без усялякіх сумненняў яна можа стаць мовай зносінаў для ўсяго грамадзтва».
Так і атрымалася. Ітамар Бэн-Аві піша ў сваёй аўтабіяграфіі (хоць і занадта рамантычна) пра тыя суровыя захады, што прымаў Бэн-Егуда, каб ягоны сын чуў толькі іўрыт, а значыць зрэшты загаварыў толькі на ім. Напрыклад, калі да іх прыходзіў нехта, хто не валодаў іўрытам, Бэн-Егуда адсылаў сына у ложак, каб ён мімаволі не пачуў замежную мову. Таксама хлопчыку было забаронена слухаць «птушыныя сьпевы, іржанне коняў, васліны роў і шапаценне скрыдлаў матылькоў, бо нават яны зрэшты зьяўляюцца замежнымі мовамі, прынамсі гэта дакладна не быў іўрыт». Сын Бэн-Егуды загавырыў адносна позна — у чатырохгадовым узросце. Ягоная маці не здолела стрымаць абяцанне, каб размаўляць з сынам толькі на іўрыце. Аднойчы, калі Бэн-Егуды не было ўдома, яна мімаволі пачала сьпяваць сыну калыханку на сваёй роднай расійскай мове. Калі Бэн-Егуда прыйшоў раней, чым звычайна, і пачуў расійскую песьню, ён забег у пакой і пачаў крычаць. Ітамар так напісаў пра гэтую непрыемную сцэну: «Я быў надта спужаны, убачыўшы разьюшанага бацьку, а маці — у слязах і журбоце, і тады раптам маё маўчанне скончылася, мае вусны адкрыліся».
Бэн-Егуда і ягоная іўрытамоўная сям’я сталіся жывой легендай, дзейным прыкладам адраджэння для іншых.
Дзякуючы таму, што ў доме гадавалася іўрытамоўнае дзіцё, патрэбныя былі простыя словы для азначэння пабытовых паўсядзённых прадметаў. Такім чынам, сам Бэн-Егуда прыдумляў словы на іўрыце для гэткіх прадметаў, як лялька, марозіва, сочыва, амлет, хустка, ручнік, ровар ды сотні іншых. з цягам часу дзіцёнак сталеў, а разам з ім сталеў іўрыт, пашыраўся лексыкон, а карыстанне іўрытам станавілася больш натуральным. Сапраўды, Бэн-Егуда і ягоная іўрытамоўная сям’я сталіся жывой легендай, дзейным прыкладам адраджэння для іншых.
З усіх ступеняў праграмы Бэн-Егуды па адраджэнні іўрыту найбольшае значэнне мела праграма «Іўрыт у школе», і Бэн-Егуда гэта цудоўна ўсьведамляў. У сваіх першых артыкулах, якія ён пісаў яшчэ ў замежжы, ён разглядаў практыку расійскіх гімназій, калі расійская мова ўкаранялася сярод моладзі расійскай імпэрыі (нават сярод тых, для каго расійская мова не была роднай), бо яна была адзінай мовай выкладання. Карыстаючыся падобнымі прынцыпамі, Бэн-Егуда прапанаваў, каб рабіны і школьныя настаўнікі ў Палестыне выкладалі ўсе прадметы на іўрыце: як рэлігійныя, так і сэкулярныя. Бэн-Егуда разумеў, што адраджэнне можа быць пасьпяховым толькі ў тым выпадку, калі на іўрыце свабодна загаворыць маладое пакаленне. <span class=»promobox»>Ён разглядаў практыку расійскіх гімназій, калі расійская мова ўкаранялася сярод моладзі расійскай імпэрыі, нават сярод тых, для каго расійская мова не была роднай.</span> Такім чынам, калі ў 1882 годзе Нісым Бэхар, дырэктар школы Torah & Avodah (»Біблія і праца») пры іерусалімскім коледжы Сусьветнага гэбрайскага альянсу запрапанваў Бэн-Егудзе пасаду настаўніка, ён ухапіўся за гэтую магчымасць. Бэхар выдатна разумеў неабходнасць выкладання на іўрыце, бо ўпершыню дзеці з розных жыдоўскіх абшчынаў мусілі навучацца ў адной клясе, і іхнай адзінай агульнай мовай быў іўрыт. Бэхар азнаёміў Бэн-Егуду з мэтадам выкладання іўрыта на іўрыце, без перакладу на іншыя мовы. Гэта быў мэтад, які ўжо ўжываўся для выкладання французскай ды іншых моваў. Бэхар меў досьвед выкладання паводле гэтага мэтаду ў істамбульскай школе Сусьветнага гэбрайскага альянсу, дзе ён працаваў дырэктарам да пераезду ў Ерусалім. З прычыны хваробы Бэн-Егуда папрацаваў настаўнікам зусім не доўга, але ягоная праца была плённая. Ужо праз некалькі месяцаў вучні маглі свабодна размаўляць на іўрыце на пабытовыя тэмы — пра ежу і напоі, пра адзенне, пра паўсядзённае жыццё, здарэнні і падзеі ўдома ці на вуліцы.
Бэн-Егуда разумеў, што ў гэтым палягаў посьпех адраджэння. Калі дзеці маглі авалодаць іўрытам у школе, у малым узросце, іўрыт фактычна станавіўся бы іхнай адзінай мовай у дарослым жыцці. Бэн-Егуда пісаў: «Іўрыт прыйдзе з сынагогі ў школу, а з школы ён прыйдзе ў дом… і ажыве.» (Гацві, 1886).
Гэтыя прадказанні спраўдзіліся. Асабісты прыклад Бэн-Егуды і ягоныя посьпехі ў выкладанні мовы вельмі станоўча ўразілі іншых вучыцеляў. Сапраўды, выкладанне іўрыту сутыкалася з шматлікімі перашкодамі: не ставала падрыхтаваных настаўнікаў, падручнікаў, дадатковых матэрыялаў (як, напрыклад, гульняў і песьняў), тэрміналогіі ды шмат іншага. Давід Юдэлевіч, адзін з тагачасных настаўнікаў, пісаў у 1928 годзе: «Мы пачыналі выкладанне ў цяжкай атмасфэры — бяз кнігаў, без патрэбных выразаў і словаў, без дзеясловаў і сотняў назоўнікаў. Цяжкасці, якія мы пераадолелі, каб пасеяць першае насенне, нямагчыма ані апісаць, ані ўявіць сабе… Бракавала навучальных матэрыялаў для пачатковых клясаў… Мы былі напаўнямыя, заікаліся, размаўлялі рукамі і вачыма.» У тым самым рэчышчы пісаў яшчэ адзін выбітны настаўнік тых часоў Давід Елін: «Кожны настаўнік меў падручнік французскай ці расійскай мовы, і паводле гэтага падручніка ён сыстэматызаваў выкладанне іўрыту… нямашака моўных тэрмінаў. Кожны настаўнік уяўляў сабой Акадэмію Іўрыту, займаўся словатворчасцю паводле ўласнага густу, і кожны ўжываў свае ўласныя тэрміны». Аднак з цягам часу ўсе гэныя лінгвістычныя пытанні вырашыліся і было ўзгадаванае пакаленне моладзі, якое размаўляла толькі на іўрыце, што азначала посьпех адраджэння.
Ён дасягнуў таго, што напрыканцы 19 стагоддзя амаль кожны гэбрай у Палестыне мог без складанасцяў прачытаць і зразумець газету на іўрыце.
Апрача работы з моладзю, Бэн-Егуда імкнуўся захапіць сваімі ідэямі дарослых. Некалькі гадоў ён пісаў артыкулы ў мясцовай газэце «Гахавацэлет», а ў 1884 годзе пачаў друкаваць уласную газету «Гацві», якая задумвалася як інструмэнт для навучэння дарослых, як праз зьмест, так і праз мову. У той час прэса на іўрыце толькі нараджалася, першая газета зьявілася у сярэдзіне 1850-х гадоў. Бэн-Егуда, узяўшы за ўзор парыскую Le Figaro, стаў друкаваць у газэце ўсё, што выклікала бы цікавасць жыхароў краю, у тым ліку міжнародныя і мясцовыя навіны, надвор’е, моду і г.д. Урэшце ён дасягнуў таго, што напрыканцы 19 стагоддзя амаль кожны гэбрай у Палестыне мог без складанасцяў прачытаць і зразумець газету на іўрыце. Бэн-Егуда меркаваў, што калі выдаваць недарагую газету на іўрыце, то людзі будуць перакананыя ў тым, што яны здольныя выказаць на іўрыце любую думку, і гэта натхніць іх размаўляць на іўрыце. Бэн-Егуда выкарыстоўваў сваю газету як інструмэнт для ўвядзення новых словаў, якіх раней не існавала, напрыклад, словы накшталт «газета», «рэдактар», «тэлеграма», «падпісчык», «жаўнер», «мода» ды шмат іншых. Паколькі гэбраі любяць чытаць газеты, ягоная газета спрыяла распаўсюджванню новых словаў і ягоных лінгвістычных ідэяў, прычым не толькі ў Палестыне, але і сярод Дыяспары.
У дапамогу тым, хто толькі пачынаў размаўляць і чытаць на іўрыце, Бэн-Егуда пачаў працу над слоўнікам. Насамрэч, яшчэ ў Парыжы ён вёў слоўнічак для асабістага карыстання. Спачатку гэта быў кароткі сьпіс словаў на іўрыце з перакладам на французскую ў звычайным сшытку, у які ён таксама запісваў сьпіс пакупак. Але, як тлумачыць Бэн-Егуда ў прадмове да слоўніка, калі ён пачаў штодзённа размаўляць на іўрыце, то ён адчуў не стачу шматлікіх словаў, і тады ягоны сьпіс словаў пачаў пашырацца. Бэн-Егуда стаў друкаваць у газэце сьпіс словаў для пачаткоўцаў з аналягічнымі праблемамі. Але паўставалі новыя праблемы. Размаўляючы на іўрыце з сябрамі ці ў сям’і, ён мог размаўляць свабодна, як яму хацелася. Але для таго, каб іўрыт стаў мовай цэлага грамадзтва, новыя словы павінны былі быць дакладнымі, будавацца паводле строгіх філялягічных правілаў. Такім чынам Бэн-Егуда авалодаў спэцыяльнасцю лексікографа. Вынікам ягонай неймаверна інтэнсіўнай працы, часта да 18 гадзінаў штодня, стаўся 17-тамовы «поўны слоўнік старажыдоўскай мовы і сучаснага іўрыту». Гэты слоўнік, які канчаткова дарабілі пасля сьмерці Бэн-Егуды ягоная другая жонка Гемда разам з сынам, да сённяшняга дня ўважаецца ўнікальным помнікам у гісторыі іўрыцкай лексікаграфіі.
У сьнежні 1890 Бэн-Егуда стварыў «Раду па пытаннях іўрыту» з мэтай дапамагчы рабоце над слоўнікам, вырашыць праблемы тэрміналогіі, вымаўлення, правапісу і пунктуацыі. Рада была папярэдніцай сучаснай Акадэміі Іўрыту, якая зьяўляецца найвышэйшым аўтарытэтам і арбітрам ва ўсіх моўных пытаннях.
Зь цягам аднаго біблейскага пакалення, за 40 гадоў (з 1881 па 1921 год), склалася ядро маладых іўрытамоўных энтузыястаў, для якіх мова сталася сымбалем адраджэння нацыі.
Гэта былі галоўныя дасягненні Бэн-Егуды на шляху да запаветнай мары — адраджэння іўрыту. Зразумела, што Бэн-Егуда адрадзіў мову не ў поўнай адзіноце, як гэта занадта спрошчана цьвердзяць некаторыя. Наадварот, яму была патрэбная падтрымка грамадзтва, і ён на яе разьлічваў. Апрача гэтай падтрымкі мясцовага насельніцтва (якая праўда была досыць абмежаваная, а часам людзі ставіліся папросту варожа), найбольшая дапамогай ў дасягненнях Бэн-Егудзы стала тое, што ў 1881 годзе, калі ён сам прыехаў у Палестыну, узьнялася першая хваля эміграцыі жыдоў у краіну. Крытычную масу новых пасяленцаў складалі маладыя адукаваныя ідэалісты, як і сам Бэн-Егуда. Яны паходзілі з усходнеэўрапейскіх мястэчак, з падобнымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, і таксама, як і ён, яны вырашылі пачаць новае жыццё на Абяцанай зямлі сваіх продкаў. Яны вельмі дапамаглі Бэн-Егудзе, бо падтрымлівалі ягоныя наватарскія ідэі і былі гатовыя размаўляць на іўрыце, як ён і настойваў. Насамрэч, многія ўжо валодалі іўрытам па прыезьдзе ў краіну, а іншыя імкнуліся хутчэй палепшыць яго ці пачаць яго вывучаць. Яны вучылі сваіх дзяцей іўрыту ўдома, а таксама ў дзіцячых садках і школах, якія яны адкрывалі па ўсяе краіне. Такім чынам з цягам аднаго біблейскага пакалення, за 40 гадоў (з 1881 па 1921 год), склалася ядро маладых іўрытамоўных энтузыястаў, для якіх мова сталася сымбалем адраджэння нацыі. Брытанскія мандатныя ўлады ўсьвядомілі гэты факт і 29 лістапада 1922 года ўрэшце прызналі іўрыт афіцыйнай мовай жыдоўскага насельніцтва Палестыны. Такім чынам іўрыт пасьпяхова адрадзіўся, і найвялікшая мара Бэн-Егуды спраўдзілася. На жаль (хаця, гэта можа, вельмі знакава), толькі месяц пасля гэтага сухоты, на якія Бэн-Егуда пакутваў яшчэ з парыскіх часоў, урэшце забралі ягонае жыццё.
Варта падкрэсліць, што насуперак распасюджанаму меркаванню, іўрыт не быў «мёртвай» мовай да Бэн-Егуды і нельга казаць, што ён адзін, як чараўнік, ажывіў яе. Наагул, прыназоўнікам «мёртвы» ў дачыненні да іўрыту надта злоўжывалі. Як пісаў філолаг Хаім Рабін у 1958 годзе: «наўрад ці будзе перабольшаннем казаць, што ў часе публікацыі першага артыкулу Бэн-Егуды ў 1879 годзе, больш як 50% дарослых жыдоўскіх мужчынаў разумелі Пяцікніжжа й штодзённыя малітвы, а прыкладна 20% маглі прачытаць кнігу сярэдняй цяжкасці на іўрыце, прычым ва Ўсходняй Эўропе, Паўночнай Афрыцы і ў Йемене адсотак пісьменных жыдоў быў значна вышэйшым, чым у заходніх краінах.» Бяручы гэта на ўвагу, нельга не пагадзіцца з вельмі правільным і дасціпным выказваннем Сэсыля Рота пра ролю Бэн-Егуды ў адраджэнні іўрыту: «Да Бэн-Егуды жыды… маглі гаварыць на іўрыце, пасля яго — яны на ім загаварылі.»
Такім чынам, Бэн-Егуда зьявіўся прарокам і прапагандыстам, тэарэтыкам і стратэгам, знакавай фігурай, сымбалем адраджэння мовы. У 1908 годзе ён пісаў у газэце «Гацві»: «Для посьпеху любой справы патрэбны толькі адзін мудры, разумны і энэргічны чалавек, які гатовы прыкласці ўсе намаганні да гэтай справы, і яна пойдзе, не гледзячы на ніякія перашкоды. Для кожнай новай падзеі, для кожнага, нават маленькага, кроку на шляху прагрэсу патрэбны першапраходзец, які павядзе сьвет наперад, зьнішчаючы ўсе шляхі да адступлення.»
У адраджэнні іўрыту гэным першапраходцам стаў менавіта ён сам, Эліэзэр Бэн-Егуда.
Спасылкі
<span id=»luzki_foot»>1</span> Лужкі — гэта мястэчка (штэтл) Дзісенскага павету Віленскай губэрні (цяпер — Шаркоўшчынскі раён Віцебскай вобласці Беларусі). У Ластоўскага сустракаецца форма «з Лужак», або «з Лужкаў», што сёе-тое сьведчыць пра месца націску, але сёння вымаўляюць з націскам на апошні склад. З Лужак таксама паходзіць Зора Кіпель. Да Вільні прыкладна ~200 км, да Дзьвінску, можа, менш за 100. <a href=»#luzki»>Вярнуцца дагары.</a>
<span id=»zyd_foot»>2</span> Слова «жыд» не мае і ніколі не мела ў беларускай мове адмоўнага ці зьняважальнага адцення. Гэта, напрыклад, тлумачыць вядомы мовазнаўца Сяргей Шупа ў сваім артыкуле для «Слоўніка Свабоды». Таксама гэта вытлумачана ў адным з нумароў часопіса «Arche», які так і называецца «Жыдоўскі Нумар». <a href=»#zyd»>Вярнуцца дагары.</a>
- Джэк Фэлман