Правапіс·org

Уладзімір Мацкевіч, 2002-12-08

Тое, што сёння існуюць моўныя варыяцыі, сведчыць пра моўнае адраджэнне. Беларуская мова доўгі час была ў заняпадзе. І нават ледзьве не загінула. Бо калі паглядзець на сферы яе ўжывання ў мінулым – мовай карысталіся амаль як мёртвай.

Была дэкаратыўная сфера: радыё, тэлебачанне, газеты, што-нішто з мастацкай літаратуры ды парадныя прамовы. У гэтай сферы мова была цалкам мёртвай, бо ўсе носьбіты мовы ёй не карысталіся, а перакладалі на яе з рускай. Ім было карысна дамагацца максімальнага падабенства мёртвай беларускай мовы да рускай, бо так ім прасцей.

Была пабытовая сфера, збольшага на вёсцы, ды ў анклавах за межамі краіны (Літва, Польшча, Сібір, Канада) з мінімальнай колькасцю карыстальнікаў.

Была рытуальная сфера, гэта калі некаторыя аматары карысталіся мовай як народнай вопраткай, апранаючыся па ўрачыстых выпадках на адпаведныя святы.

Вось і ўсё. Адукацыю трэба было б разглядаць асобна, але пакуль можна абмежавацца тым, што ў адукацыі выкладалася дэкаратыўная ды рытуальная мовы. Інакш і не магло быць, калі настаўнікі беларускай мовы былі адначасова і настаўнікамі рускай, а ў побыце карысталіся выключна рускай.

Да гэтых сфераў выкарыстання мовы нельга ставіцца як да жывой ды квітнеючай мовы. Літаратурная мова – дэкаратыўная, пабытовая – разнастайныя трасянкі ды мясцовыя гаворкі, рытуальная – цацачная архаіка (камусьці падабаўся фальклорны віленскі дыялект, камусці польска-беларуская тарашкевіца), і ніхто нікому не замінаў.

Тыя, што ведаюць толькі дэкаратыўную мову, могуць не ведаць, што «ровар» быў заўсёды «роварам», а не «лісапедам». Не ведаю як на Магілёўшчыне, але ж на Гарадзеншчыне дакладна. І «файны» – гэта зусім не моладзевы здабытак, а звычайнае слова, якім і старыя і малыя ў гарадзенскіх вёсках карыстаюцца. Таксама ходзяць словы «гешефт», «гарбата», рэчы ў «валізу» складаюць, і ў «камізэлькі» апранаюцца. Шмат чаго…

І ўсё ж дзесьці 15-20 гадоў таму мова пачала выходзіць са становішча клінічнай смерці. Яна пакрыху пачала ажываць, выходзіць у іншыя сферы.

Пачалі пісаць (а не перакладаць) на ёй публіцыстыку. Адразу ж высветліўся недахоп лексічнага матэрыялу. Трэба было папаўняць яго. Пачалі весці на мове палітычныя спрэчкі. Высвятлілася пэўная сінтаксічная нягнуткасць. Трэба было практыкавацца ў маўленні. А судовы працэс, а выпрацоўка навуковай мовы? Усё гэта было выклікам мове. І яна адказвае на гэты выклік. Адказвае творчасцю, актыўнасцю носьбітаў ды карыстальнікаў.

Толькі сляпы гэтага не бачыць. І гэты працэс трэба вітаць, цешыцца з гэтага.

А хто супраць?

– Зразумела ж, заскарузлыя чыноўнікі, рускамоўныя пісьменнікі, акадэмічныя далдоны. Навошта ім жывая мова – ім дастаткова дэкаратыўнай.

– Архаічныя аматары, ім давай фальклорную, лялечную, пастаральную «мовачку».

– Абібокі-абывацелі, тутэйшыя, якім падабаецца, каб іх ніхто не кранаў.

– Ну і зразумела ж – русіфікатары.

Вы павінны пагадзіцца з тым, што не Вашыя бабулькі з’яўляюцца носьбітамі сучаснай беларускай мовы.

Сучасная мова жыве ў філасофскіх дыскусіях і палітычных спрэчках, у постмадэрнісцкіх пошуках Адама Глобуса, песнях Шалькевіча, адноўленай пастаноўцы «Фаўста» Радзівіла, дыпломнай рабоце Паўла Севярынца ды ў артыкулах і манаграфіях акадэміка Гарэцкага.

Яна жыве і ў такіх незвычайных сытуацыях, калі патрабуюць руска-беларускага перакладчыка на судзе, дзе абвінаваўца і суддзя не разумеюць, што ім гаворыць Івашкевіч, які і не хоча ў роднай краіне гаварыць на судзе інакш, чым на роднай мове. І, зрэшты, не можа, бо, сапраўды, па-руску гаворыць дрэнна. Таму ён суддзю разумее, а тая яго – не.

Так, праблемаў з мовай зараз вельмі многа. Але развіццё ніколі не бывае без хібаў, гэта «хвароба росту». Некаторыя віртуалы Байнэту, перабольшваючы хібы гэтай «хваробы росту», прапануюць адзіны метад – эўтаназію.

Наогул, мова мае як культуралагічнае вымярэнне, гэтак і палітычнае (партыйнасць навукі, літаратура па Леніне, які гэта добра разумеў, менавіта таму Сталін і стаў «вялікім навукоўцам у мовазнаўстве» ды і Мара зрабіў акадэмікам). Гэта ўжо прадмет соцыялінгвістыкі. І гэта тычыцца, ў першую чаргу, лексічнага ладу мовы.

Ці будзе для Вас адкрыццём, што змаганне славянафілаў і заходнікаў гэта не выключна расійская з’ява? Што зараз гэтае культуртрэгерскае супрацьстаянне ў Беларусі вельмі актуальнае. І барацьба паміж імі ідзе жорсткая.

Вядома ж, што вынік гэтае барацьбы не вызначаецца зменай «кіёска» на «шапік», ці «спадарожніка» на «сатэліт». Гэта толькі сваеасаблівыя паролі, па якіх вестэрнізатары ці славянафілы распазнаюць адзін аднаго ды апанентаў. Аналагічныя працэсы адбываюцца і ў літоўскай ды латышскай мовах. Так было ў міжваенны пэрыяд, тое адбываецца і зараз. Так было ў Польшчы, Чэхіі. Паўсюль, дзе дзеля адраджэння, і моўнага, і культурнага, і палітычнага, былі патрэбны адпаведныя высілкі людзей.

Вы пытаецеся, што думаюць наконт «шапiкаў» спэцыялiсты з Iнстытута беларускай мовы Акадэмii Навук і кажаце, што гэныя «шапiкi» iм наўрад цi спадабалicя б. У мяне ўражанне, што там наогул пра гэта не думаюць. Ім за іншае заробак выплочваюць. Увогуле, я Вам кажу пра гістарычны выклік, а Вы мне – пра бюракратаў ад навукі. Абсалютна розныя маштабы. Пакуль Вы будзеце разважаць на падставе Вашага «здаровага сэнсу», прыдатнага для звычайнай сітуацыі, Вы ніколі не зразумееце таго гістарычнага перавароту, які адбываецца ў наш час. А значыць не будзеце разумець нічога і нікога.

Вы кажаце, што не супраць развiцця мовы, але патрабуеце, каб эталон мовы вызначалі спецыялісты. Магчыма гэта так, але ў Беларусі не рыхтавалі спецыялістаў у галіне развіцця мовы. Іх увогуле нідзе не рыхтуюць. Гэта, дарэчы, і не з’яўляецца справай спецыялістаў. Гэта глыбінны працэс, які абвастраецца і пашыраецца ў пэўныя гістарычныя моманты. І ўдзел у ім прымаюць тыя, хто прымае выклік. А прызначаныя на пасаду апынаюцца «ў пралёце».

З абывацельскага пункту глеждання немагчыма заўважыць акалічнасцяў «гістарычнага моманту».

Таму раю Вам звярнуць увагу не на «шапікі», а на сябе самога. У сэнсе самавызначэння. Ці не ў пралёце Вы? Ці не засталіся Вы «па-за гульнёй» у беларускім жыцці, у нашай гісторыі?

Асцярожна! Аўтар артыкула — злачынец: ён радыкалізаваўся і актыўна ўдзельнічаў у спробе дзяржпераварота на Беларусі ў жніўні 2020, асуджаны. Мы захоўваем артыкул 2002 г на рызыку чытачоў, калі ласка, з асцярожнасцю ўспрымайце ідэі ў ім.

    • Уладзімір Мацкевіч