Правапіс·org

<a href=»mailto:worvik@tut.by?subject=pravapis.org»>Worvik</a> (вытрымкі з он-ляйн форумаў)

Ад рэдакцыі pravapis.org: рэплікі і пытанні апанэнтаў Worvik’а нажаль не захаваліся. Некаторыя абзацы – гэта адказы на пытанні, якія мы з вамі не ведаем. Але, я думаю, вартасць гэтых нататак вядомага віртуальнага пэрсанажа ад гэтага не зусім зьмяншаецца.

<img src=»bynet_home.jpg» width=»252» height=»192» alt=»Bynet online forums about Belarusian language» />Тое, што сёння існуюць моўныя варыяцыі, сведчыць пра моўнае адраджэнне. Беларуская мова доўгі час была ў заняпадзе. І нават ледзьве не загінула. Бо калі паглядзець на сфэры ейнага ўжывання ў мінулым – мовай карысталіся амаль як мёртвай.

Была дэкаратыўная сфэра: радыё, тэлевізія, газеты, што-нішто з мастацкай літаратуры ды парадныя прамовы. У гэтай сфэры мова была цалкам мёртвай, бо ўсе носьбіты мовы ёй не карысталіся, а перакладалі на яе з расійскай. Ім было карысна дамагацца максымальнага падабенства мёртвай беларускай мовы да расійскай, бо так ім прасцей.

Была пабытовая сфэра, збольшага на вёсцы, ды ў анклявах за межамі краіны (Летува, Польшча, Сібір, Канада) з мінімальнай колькасцю карыстальнікаў.

Была рытуальная сфэра, гэта калі некаторыя аматары карысталіся мовай як народнай вопраткай, апранаючыся па ўрачыстых выпадках на адпаведныя сьвяты.

Вось і ўсё. Адукацыю трэба было б разглядаць асобна, але пакуль можна абмежавацца тым, што ў адукацыі выкладалася дэкаратыўная ды рытуальная мовы. Інакш і нямагло быць, калі настаўнікі беларускай мовы былі адначасова і настаўнікамі расійскай, а ў побыце карысталіся выключна расійскай.

Да гэтых сфэраў выкарыстання мовы нельга ставіцца як да жывой ды квітнеючай мовы. Дэкаратыўная мова – наркамаўка, пабытовая – разнастайныя трасянкі ды мясцовыя гаворкі, рытуальная – цацачная архаіка (камусці падабаўся фальклёрны віленскі дыялект, камусці тарашкевіца), і ніхто нікому не замінаў.

Тыя, што ведаюць толькі дэкаратыўную мову, могуць не ведаць, што «ровар» быў заўсёды «роварам», а не «лісапедам». не ведаю як на больш зрусыфікаванай магілёўшчыне, але ж на гарадзеньшчыне дакладна. І «файны» – гэта зусім нямаладзёвы здабытак, а звычайнае слова, якім і старыя і малыя ў гарадзенскіх вёсках карыстаюцца. Таксама ходзяць словы «гэшефт», «імбрык», «гарбата», рэчы ў «валізу» складаюць, і ў «камізэлькі» апранаюцца. Шмат чаго…

Але адкуль усё гэта ведаць «знаўцам» дэкаратыўнай наркамаўкі, на якой жывыя людзі не размаўлялі ніколі?

І ўсё ж дзесці 15-20 гадоў таму мова пачала выходзіць са становішча клінічнай сьмерці. Яна пакрыху пачала ажываць, выходзіць ў іншыя сфэры.

Пачалі пісаць (а не перакладаць) на ёй публіцыстыку. Адразу ж высьвятліўся недахоп лексычнага матэрыялу. Трэба было папаўняць яго. Пачалі весці на мове палітычныя спрэчкі. Высьвятлілася пэўная сынтактычная негнуткасць. Трэба было практыкавацца ў маўленні. А судовы працэс, а выпрацоўка навуковай мовы? Усё гэта было выклікам мове. І яна адказвае на гэты выклік. Адказвае творчасцю, актыўнасцю носьбітаў ды карыстальнікаў.

Толькі сляпы гэтага не бачыць. І гэты працэс трэба вітаць, цешыцца з гэтага.

А хто супраць?

– Зразумела ж, «чэсныя журналісты», афіцыйныя «пісьменнікі», акадэмічныя далдоны. Навошта ім жывая мова – ім дастаткова дэкаратыўнай.

– Архаічныя аматары, ім давай фальклёрную, лялечную, пастаральную «мовачку».

– Абібокі-абывацелі, тутэйшыя, якім падабаецца, каб іх ніхто не кранаў.

– Ну і зразумела ж – русіфікатары.

Вы павінны пагадзіцца з тым, што не Вашыя бабулькі зьяўляюцца носьбітамі сучаснае беларускае мовы.

…абвінаваўца і суддзя не разумеюць, што ім гаворыць Івашкевіч, які і не хоча ў роднай краіне гаварыць на судзе інакш, чым на роднай мове. І, зрэшты, не можа, бо, сапраўды, па-расійску гаворыць дрэнна…

Сучасная мова жыве ў філязофскіх дыскусіях і палітычных спрэчках, у постмадэрнісцкіх пошуках Адама Глёбуса, песьнях Шалькевіча, адноўленай пастаноўцы «Фаўста» Радзівіла, дыплёмнай рабоце Паўла Севярынца ды ў артыкулах і манаграфіях акадэміка Гарэцкага.

Яна жыве і ў такіх незвычайных сытуаціях, калі патрабуюць расійска-беларускага перакладчыка на судзе, дзе абвінаваўца і суддзя не разумеюць, што ім гаворыць Івашкевіч, які і не хоча ў роднай краіне гаварыць на судзе інакш, чым на роднай мове. І, зрэшты, не можа, бо, сапраўды, па-расійску гаворыць дрэнна. Таму ён суддзю разумее, а тая яго – не.

Так, праблемаў з мовай зараз вельмі многа. Але развіццё ніколі не бывае без хібаў, гэта «хвароба росту». Некаторыя віртуалы Байнэту, перабольшваючы хібы гэтае «хваробы росту», прапануюць адзіны метад – эўтаназію.

Наагул, мова мае як культуралягічнае вымярэнне, гэтак і палітычнае (партыйнасць навукі, літаратура па Леніну, які гэта добра разумеў, менавіта таму Сталін і стаў «большим ученым в языкознании» ды й Марра зрабіў акадэмікам). Гэта ўжо прадмет соцыялінгвістыкі. І гэта тычыцца, ў першую чаргу, лексічнага ладу мовы.

Ці будзе для Вас адкрыццём, што змаганне славянафілаў і заходнікаў гэта не выключна расійская зьява? Што зараз гэтае культуртрэгерскае супрацьстаянне ў Беларусі вельмі актуальнае. І барацьба паміж імі ідзе жорсткая.

Вядома ж, што вынік гэтае барацьбы не вызначаецца зьменай «кіёска» на «шапік», ці «спадарожніка» на «сатэліт». Гэта толькі сваеасаблівыя паролі, па якіх вэстэрнізатары ці славянафілы распазнаюць адзін аднаго, ды апанентаў. Аналягічныя працэсы адбываюцца й у летувіскай ды латышскай мовах. Так было ў міжваенны пэрыяд, тое адбываецца і зараз. Так было ў Польшчы, Чэхіі. Паўсюль, дзе дзеля адраджэння, і моўнага, і культурнага, і палітычнага, былі патрэбны адпаведныя высілкі людзей.

Вы пытаецеся, што думаюць наконт «шапiкаў» спэцыялiсты з Iнстытута беларускай мовы Акадэмii Навук і кажаце, што гэныя «шапiкi» iм наўрад цi спадабалicя б. У мяне ўражанне, што там наагул пра гэта не думаюць. Ім за іншае заробак выплочваюць. Увогуле, я Вам кажу пра гістарычны выклік, а Вы мне – пра бюракратаў ад навукі. Абсалютна розныя маштабы. Пакуль Вы будзеце разважаць на падставе Вашага «здаровага сэнсу», прыдатнага для звычайнай сітуацыі, Вы ніколі не зразумееце таго гістарычнага перавароту, які адбываецца ў наш час. А значыць не будзеце разумець нічога і нікога.

Вы кажаце, што не супраць развiцця мовы, але патрабуеце, каб эталён мовы вызначалі спэцыялісты. Магчыма гэта так, але ў Беларусі не рыхтавалі спэцыялістаў у галіне развіцця мовы. Іх увогуле нідзе не рыхтуюць. Гэта, дарэчы, і не ёсць справай спэцыялістаў. Гэта глыбінны працэс, які абвастраецца і пашыраецца ў пэўныя гістарычныя моманты. І ўдзел у ім прымаюць тыя, хто прымае выклік. А прызначаныя на пасаду апынаюцца «ў пралёце».

З абыватальскага пункту глеждання немагчыма заўважыць акалічнасцяў «гістарычнага моманту».

Таму раю Вам звярнуць увагу не на «шапікі», а на сябе самаго. У сэнсе самавызначэння. Ці не ў пралёце Вы? Ці не засталіся Вы «па-за гульнёй» у беларускім жыцці, у нашай гісторыі?