Правапіс·org

паводле А.І.Наркевіча

**

Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з артыкула Аркадзя Наркевіча, які быў надрукаваны ў энцыкляпэдыі «Беларуская Мова» (Менск:1994). Гэтая он-ляйн вэрсія трохі скарочаная. Адзіная істотная розьніца палягае ў тым, што паводле клясычнай традыцыі мы разглядаем клічную форму як поўнавартасны склон, а не нейкую асаблівую форму дзеяслову ў «клічнай форме», як гэта падаецца ў наркамаўскіх падручніках ды энцыкляпэдыях. Таксама выкасаваны сказ, дзе Наркевіч разважае пра неіснуючы «агульнарускі пэрыяд усходнеславянскіх моваў».

Уладзімір Каткоўскі

Клічная форма — гэта асобная склонавая форма назоўніка, якая захавалася ў сучаснай беларускай мове і ўжываецца для выражэння асобы пры звароце. Ва ўсходнеславянскіх мовах яна чатскова выцясьнялася назоўным склонам. У расійскай літаратурнай мове клічная форма амаль не захавалася, і толькі ў паасобных гаворках сустракаюцца формы кшталту Ванько, папо, старче альбо адпаведныя энклітычныя ўтварэнні кшталту мам, Мань, пап . Што датычна беларускай ды ўкраінскай моваў, то гэтая форма сустракаецца не толькі ў дыялектах, але і ў літаратурных творах. Напрыклад: »Гэй, гэй, хлебаробе мазольны, пан сошкі, і коскі, і поля!» (Янка Купала); »Лепш змагацца вольным, браце, чым цярпець і гнуцца» (Якуб Колас). Параўнайце аналягічныя прыклады з украінскай мовы: »Яка ж ти красна, яка велична, земле моя!» (А. Даўжэнка); »Учителю, стою перед тобою малий, вчарований до німоти» (Дз. Паўлычка).

Зь іншых славянскіх моваў клічная форма захавалася ў польскай (panie, boze, chlopcze, czlowiecze, sasiedzie, gosciu, matko, glowo, ziemio), чэскай (pane, kluku, hrade, kvitku, muz^i, chlapc^e, z^eno), сэрба-лужыцкай (knjeze, holc^e, dubo, kluc^o), баўгарскай (докторе, професоре, сестрице, гражданино, Иване, соколе, брате, народе, вълко, бабо, мамо, приятелю, коню), сэрбахарвацкай (народе, жено, судиоэ) ды іншых мовах. <img src=»fingers.jpg» width=»171» height=»256» alt=»pravapis.org — Vocative case in Belarusian language» />

У сучаснай беларускай мове ў клічнай форме пераважна выступаюць уласныя й агульныя асабовыя назоўнікі мужчынскага роду, радзей назоўнікі, якія абазначаюць іншых істотаў — жывёлаў, птушак, насякомых, паўзуноў (часцяком у фігуратыўным сэнсе), а таксама неадушаўлёныя назоўнікі ў сваім непасрэдным значэнні альбо калі яны ўжытыя ў значэнні адушаўлёных. Напрыклад: »Мой дружа, Чэсю, верны дружа мой» (А.Зарыцкі); »А скажы мне, дзеду любы, чаму так на сьвеце стала, што адным даецца мала, а другому — аж да губы?» (Якуб Колас); »Сьмялей, беларусе-араты! Сьмялей уздымай к сонцу вочы» (Янка Купала); »Папаўся, жучку, у панскую ручку» (Кандрат Крапіва); »Гаю, мой, гаю, гаю зялёны, што ж ты не йграеш?» (К.Буйло).

У залежнасці ад характару асновы назоўнікаў клічная форма можа сканчвацца на розныя галосныя. Так, пры аснове на цьвёрдыя зычныя альбо на ў нескладовае клічная форма скончваецца звычайна на -у (-ю) альбо з чаргаваннем адпаведных цьвёрдых і мяккіх канцавых зычных асновы ( дзеду, саколю ці саколе, Іване, Ігнаце, Вацлаве, сыне, браце, пане, голубе, громе, лесе ), пры асновах на зацьвярдзелыя ды заднеязычныя — галоснымі -у, -а, альбо , не рэдка з чаргаваннем зычных у аснове ( гаспадару, званару, грабару, ветру, вужу, чытальніку, сынку, каханку, дударыку, жучку, хлопчыку, не божа, чалавеча, бядача, казача, малойча, украінча, хлопча ці хлапчо, Пятро ), пры аснове на мяккія зычныя і j [й] кароткае — галоснымі -ю, -е ( Чэсю, Ясю, Мікалаю і Мікалае, дабрадзею, коню, гаю, краю, вынятак князь — княжа ). Напрыклад: »Узьнімайся, народзе мой, на вялікую расплату!» (Янка Купала); »Эх, лес цёмнакудры, мілы мой лесе, удумныя дрэвы, зялёныя шаты, мой брат ты!» (Якуб Колас); »На твой зоў магутны цеснай грамадою хутка ўсе зьбяруцца… Не прасьпі, званару (Цішка Гартны); »Зайграй, зайграй, хлопча малы, і ў скрыпачкі, і ў цымбалі» (Паўлюк Багрым); »Ты ляці, ляці, саколе, здабываць радзіме волю, у бой ляці, казача» (К. Буйло); »Ясю мой, з вайны вяртацца час» (А. Зарыцкі);

У пэўных беларускіх гаворках, пераважна паўднёва-заходняга моўнага арэалу, адзначаюцца выпадкі ўжывання клічнай формы пры выражэнні звароту ў назоўніках жаночага роду і агульнага роду на -а, -я. Напрыклад: мамо, Сашо, Марыно, Манё (ва ўсіх пералічаных выпадках з націскам на першы склад).

У мове твораў мастацкай літаратуры клічная форма выкарыстоўваецца звычайна з мэтай стылізацыі ды адыгрывае моўна-выяўленчую ролю.

Літаратура:

  • Граматыка беларускай мовы. Т.1. Марфалогія. Мн., 1962;
  • Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч.1. Адзіночны лік. Мн., 1969;
  • Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976
  • Граматыка беларускай мовы. Т.1. Марфалогія. Мн., 1985;