Правапіс·org

<a href=»#english»>English summary</a>

Сяргей Шупа, Прага

Падставай для выбару тэмы стала <a href=»http://www.mova.org/lists-archives/i18n/»>абмеркаванне</a>, якое ўжо не першы месяц вядзецца ў дыскусійнай групе «і18n» – так у асяроддзі прыхільнікаў open source (адкрытага зыходнага коду) скарочана азначаецца паняцце «інтэрнацыяналізацыя» – пераклад рэсурсаў на розныя мовы сьвету.

<img src=»localization_folder.gif» width=»393» height=»245» alt=»Localization Folder. Software in Belarusian Language» />Праблемы, з якімі сутыкаюцца стваральнікі беларускай тэрміналогіі, я абмеркаваў з удзельнікамі дыскусіі. Мой першы суразмоўца – менскі праграміст Віталь Хілько:

(Шупа: ) «Вы як прадстаўнік супольнасці Linux акунуліся ў тэрміналягічныя спрэчкі, і якія галоўныя праблемы ўзьнікаюць?»

(Хілько: ) «Менавіта стыхійна. Працэс ідзе не зьверху, а зьнізу, натуральным чынам.

Перш за ўсё – падзяленне грамадзтва. Гэта нават не адносіцца непасрэдна да тэрміналогіі, але ўплывае на яе вельмі моцна. Гэта – крыніца ўсіх праблем цяпер у Беларусі. Пачынаючы ад палітычнага такога падзялення грамадзтва да падзялення паводле моўнага прызнаку – не тое, што расійскамоўныя/беларускамоўныя, а беларускамоўныя, якія адносяць сябе да плыні клясычнага правапісу, і тыя, хто адносіць сябе да наркамаўкі. Хаця тут як бы справа ўся ў правапісе, але ідзе і значна далей. Справа не ў саміх мяккіх знаках, справа ў тым, што адны лічаць, што прыйшоўшы ў мову, яны ствараюць сабе як бы моўны палігон – бульдозэрам ідуць па мове як па нежывой істоце, хоць насамрэч мова – жывая істота і адкрытая сыстэма.

Ну, скажам, калі ўзяць і ствараць свае асобныя тэрміны, не аглядаючыся ніякім чынам на іншыя мовы, то мы прыйдзем да таго, што проста ізалюем сябе звонку».

(Шупа: ) «Я паспрабую сфармуляваць, калі я слушна Вас зразумеў – прыхільнікі наркамаўкі азіраюцца на нейкія стандарты, выпрацаваныя нейкімі афіцыйнымі ўстановамі, на афіцыйныя слоўнікі і не лічаць магчымым умешвацца ў тое, што ўжо створана зьверху, афіцыйна, а прыхільнікі клясычнага правапісу проста адчуваюць за сабой права самім ствараць мову – тое, што «наркамаўцы» дазволіць сабе не могуць?»

(Хілько: ) «Ну, не зусім так. Мне б хацелася, каб і тыя, і тыя нарэшце аб’ядналіся і зразумелі, што мова – гэта жывая істота. Паколькі мы жывем у двухмоўнай краіне, на нас вельмі моцна ўплывае расійская мова. Гэта трэба таксама ўлічваць. І калі ў гэтых умовах ствараць нейкія свае новыя тэрміны, прычым часам зусім абсурдныя, то гэта прывядзе да таго, што цябе проста не будзе разумець іншая частка, палова, таксама беларусаў, і мы будзем гэтую мяжу паміж намі толькі паглыбляць».

(Шупа: ) «Але, спадзяюся, Вы не прыхільнік таго, каб проста беларускімі літарамі перапісваць расійскія тэрміны. А які рацыянальны шлях запрапанавалі б Вы?»

(Хілько: ) «Ну, я думаю, перш за ўсё – гэта запазычанні. Але не з азіраннем толькі на расійскі бок ці толькі на ангельскі ці проста транслітэрацыя. Гэта мусіць быць у роўных прапорцыях, абдумана. А вось ужыванне ўласна сваіх тэрмінаў павінна быць толькі ў рэдкіх выпадках, калі гэта сапраўды запатрабавана. Там, дзе чалавек прайшоў – там і мусіць быць дарога. Якое слова чалавек ужывае – такое і мусіць быць. не мусіць быць штучнасці».

Гэтак лічыць Віталь Хілько. Віталь лічыць, што трэба назіраць за рэальным жыццём, у якім так або іначай ужываюцца кампутарныя тэрміны, і фіксаваць тое, што не выклікае пярэчанняў. з ім не згодны іншы ўдзельнік дыскусіі – Юры Тарасевіч, кампутарны спэцыяліст з Горадні. На ягоную думку, беларусы могуць і павінны стварыць сваю арыгінальную тэрміналогію, пры гэтым моўныя пошукі мусяць быць не адвольныя і хаатычныя, а грунтавацца на добрым сыстэмным веданні сэмантычных і словаўтваральных мадэляў беларускай мовы. Гаворыць Юры Тарасевіч:

i18n + l18n +l10n + mova.org

Software Localization in Belarus

(Тарасевіч: ) «Спачатку павінны быць вядомыя правілы. І толькі тады можна брацца за асэнсаванне ангельскіх тэрмінаў і за перавод іх у беларускую форму. Найперш павінна мецца сыстэма. І толькі тады можа адбывацца свабодная творчасць масаў».

(Шупа: ) «Добра, я Вам такі прыклад прывяду: у Літве над тэрмінамі працуюць афіцыйныя ўстановы, на ўзроўні ўраду, і пасля гэтыя тэрміны зацьвярджаюцца Камісіяй Літоўскай Мовы. не даўна быў прыняты шырокі сьпіс кампутарных тэрмінаў, прадпісаных для ўжытку. З гэтых тэрмінаў усе літоўскія кампутаршчыкі сьмяюцца і ніхто не зьбіраецца іх ужываць, таму што яны для іх выглядаюць абсурдна. А яны пабудаваныя абсалютна рэгулярна паводле лінгвістычна вывераных правілаў пабудовы тэрміналогіі, значэння, адчування той сыстэмнасці, пра якую Вы казалі. І яны абсалютна непрыдатныя для ўжытку, бо людзі ўжо ўжываюць тое, што ўжываюць. Чыста літоўскія абсалютна правільныя, дакладныя тэрміны, і … яны выглядаюць сьмешна».

(Тарасевіч: ) «Нават у тым выпадку, калі б гэта было ім сьмешна, у нас усё роўна сытуацыя вельмі катастрафічна іншая. Такога масіву, такой колькасці носьбітаў мовы, у тым ліку прафэсійных, прафэсіяналаў, прадметнікаў у нас усё роўна няма. Нам, як кажуць, няма ніякага значання – ці будзе з нас хто сьмяяцца, ці не. Лепш сказаць – пытанне пра тое, ці будзе з нашых тэрмінаў хто сьмяяцца, ці не – яно наагул не стаіць. Таму што па-за тымі, хто зараз займаецца, бадай што гэтая тэма нікога і не цікавіць. А так званы гіпатэтычны карыстальнік – напрыклад, у дзяржаўнай або навучальнай установе – ён не будзе сьмяяцца, ён або будзе карыстацца, або не».

Мой наступны суразмоўца – актыўны насельнік беларускага Інтэрнэту Ўладзімір Каткоўскі, сярод іншага – гаспадар вядомага сайту <a href=»http://www.pravapis.org/»>pravapis.org</a>, прысьвечанага пытанням беларускай мовы.

(Шупа: ) «Вы ўжо гадоў дзесяць назіраеце за Інтэрнэтам наагул – як выглядае дынаміка пашырэння беларускай мовы ў Інтэрнэце? Што наагул можна сказаць пра асаблівасці беларускай мовы – хоць бы пра тое, які варыянт беларускай мовы ўжываецца – тарашкевіца, наркамаўка – у якіх прапорцыях гэтыя варыянты суіснуюць у Інтэрнэце?»

(Каткоўскі: ) «У мяне такое адчуванне, што беларуская мова ў Інтэрнэце існуе ў значна большай ступені ў сваім клясычным правапісе. Маладымі людзьмі, якія размаўляюць па-беларуску, наркамаўка разглядаецца як старая, не гнуткая сыстэма, ненатуральная можа нават, а як жывая мова, нешта такое вельмі натуральнае – гэта якраз клясычны правапіс Тарашкевіча.

З другога боку, ёсць і цэлы шэраг праблем. Ужо доўгі час нам абяцаюць, што будзе сучасная, нармалізаваная граматыка тарашкевіцы, але пакуль яе няма і таму тыя, хто цяпер карыстаецца тарашкевіцай – яны фактычна свайго кшталту анархісты. Кожны думае, што можа выдумляць свае ўласныя словы ці выкопваць нейкія вельмі старыя словы і ўводзіць іх ва ўжытак, ужываць нейкія цікавыя незвычайныя формы. Таму з праграмным забесьпячэннем, з Інтэрнэтам атрымваюцца дзьве супрацьлеглыя групы – адныя вельмі старыя стандарты, калькі з расійскай, але ўсё паводле правілаў, усё нармалізавана – гэта наркамаўка, а з другога боку – тыя, хто любіць займацца словатворчасцю, любіць нешта арыгінальнае, нешта такое незвычайнае – гэта тая група, што карыстаецца тарашкевіцай».

(Шупа: ) «І які тады аптымальны шлях стварэння тэрміналогіі – кампутарнай, інтэрнэтнай – з улікам усіх гэтых розных пазыцыяў, часам супярэчных адна адной?»

(Каткоўскі: ) «Самае галоўнае ўсё ж – стварыць менавіта слоўнік. І сапраўды неістотна – з мяккімі знакамі ці без, будзе наркамаўскі слоўнік ці тарашкевічны – галоўнае, каб была гэтая тэрміналогія. Гэта вялікая праца і гэта галоўная праца, з якой трэба пачынаць».

(Шупа: ) «Але як гэтую базу фармаваць? Адкуль браць словы? Прыдумляць з галавы, ці браць тое, што ўжываецца рэальна? Ці запазычваць?»

(Каткоўскі: ) «Ёсць людзі, якія гэта ўвесь час абмяркоўваюць, так што ёсць рэчы, якія сапраўды ўжо ўжываюцца і прыжыліся. Патрэбны інтэгральны падыход. Так што ў першую чаргу гэтыя рэчы браць, потым – калі магчыма стварыць добрыя беларускія словы, якія сапраўды будуць зразумелыя людзям – то калі ласка. Калі ёсць, напрыклад, вельмі натуральнае слова, якое зразумее кожны беларус, то калі ласка, карыстайцеся гэтым словам. Хоць яно і будзе абсалютна новае, хоць яно і будзе створанае ў 2003 годзе».

(Шупа: ) «Супраць запазычанняў нічога не маеце?»

(Каткоўскі: ) «Асабіста я – не, але я лічу, што гэта не вельмі пазытыўная зьява, так што калі можна іх пазьбягаць, то лепш іх пазьбягаць. А то гэта атрымоўваецца фактычна такая псэўдаангельская мова, арго, слэнг праграмістаў, які разумеюць толькі яны».

Усіх праблем, зьвязаных з тэрміналогіяй, мы сёння, вядома ж, нават не пасьпелі б і пералічыць. Аднак адна з іх відавочна стрымвае разьвіццё тэрміналогіі – гэта праблема супрацьстаяння правапісных сыстэмаў беларускай мовы. Як засьведчыла не даўняе прыняцце Акадэміяй Навук удакладненяў да афіцыйнага беларускага правапісу, да пагаднення суперных бакоў у гэтым пытанні яшчэ далёка. А тым часам жыццё ідзе далей, мы працуем з кампутарамі, выходзім у Інтэрнэт і нейкім чынам усё называем і пры гэтым разумеем адзін аднаго.

<span id=»english»></span>


English summary: This is a review article about software localization issues in Belarus. RFE/RL journalist Siarhiej Shupa has interviewed three developers involved with some localization projects in Belarus: Vital Khilko, Jury Tarasievic and Uladzimir Katkouski. The major problem which was mentioned by all participants of the discussion is, of course, the absence of the standardized computer-specific terminology in modern Belarusian language. Also the conflict between the two orthographies (classical form and the reformed Soviet version) has caused a major division among Belarusian software localization specialists. The three approaches to creating new computer vocabulary are: to create new original words based on linguistic principles, to use more loan words (predominantly English or English via Russian), to identify those words that are already used by the Belarusian-speaking computer users. There is no agreement as to which strategy would be optimal for the Belarusian language.

Copyright © 2003. RFE/RL, Inc. Reprinted with the permission of Radio Free Europe/Radio Liberty, 1201 Connecticut Ave., N.W. Washington DC 20036. www.rferl.org