Pravapis·org
Апытанне часапіса Arche: Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х, зрабіўшы выбар на карысць «тарашкевіцы»?
Юры Тарасевіч,
праграміст, Горадня
Уладзіслаў Яндзюк,
праграміст, Прага
Na žal, u tym časie abrać łacinku nichto nie advažyŭsia, tamu, naturalna, taraškievica była adzinym vybaram. Novaja biełaruskaja dziaržava musić jak najchutčej «legalizavać» łacinku a spryjać jejnamu pašyreńniu.
Юры Пацюпа, паэт,
выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту
імя Янкі Купалы, Горадня
Адкажу пытаннем на пытанне: а ці быў у нас выбар? «Адраджаць» «наркамаўку» — гэта тое самае, што прапагандаваць Петруся Броўку. Для адраджэння мовы патрэбен адпаведны эмацыйны стан, кожны яе носьбіт павінен стаць суб’ектам, творцам, а не затурканым вучнем, які з-пад палкі зубрыць «дзеравенскі язык». Нічога паступальнага, рамантычнага «наркамаўка» прапанаваць нямагла.
На жаль, 1995 год скруціў мазгі некаторых з нас так, што ад гора бедалагі сталі клясці Пазьняка, а ў АГП бачыць незалежніцкую сілу. (Гэтак шалёны сабака ад болю кусае сваіх.) У мове ж некаторыя ўжо гатовыя кадыфікаваць хоць «трасянку», абы нешта ўратаваць. Але так паводзяцца слабыя, спадзеючыся выпрасіць у ката палёгкі, а насамрэч выракуючы сябе на не ўхільную павольную ды пакутніцкую сьмерць.
Калі глядзець праўдзе ў вочы, дык трэба шчыра прызнацца, што адраджэнне і сцьверджанне беларускае мовы — гэта цяжкі рэжым самадысцыпліны, гэта складаная сыстэма прадуманых і не простых дзеянняў. Бальшыня з нас проста стаміліся і махнулі рукой: будзь як будзе! Простыя носьбіты мовы, пагадзіўшыся ўрэшце з «наркамаўкаю», незаўважна для саміх сябе прызналіся, што ніколі добра не ведалі мовы і не знайшлі ў сабе сілаў яе вывучыць. Мовазнаўцы таксама тым самым прызналіся, што не маюць і ніколі не мелі яснае канцэпцыі моўнага будавання, што не здольныя нічога прапанаваць паспалітаму беларусу, апроч лёзунгу «Гаварыць на роднай мове». Толькі не трэба, спадарове, рабіць мову закладніцаю ўласнае творчае імпатэнцыі!
На гэтым можна было б паставіць кропку і годзе. Але ўзьнятае пытанне не такое простае і, як падаецца, мае двайное дно. Найперш хочацца ўдакладніць: што такое «тарашкевіца»? Калі следаваць беспасярэдняму значанню слова, дык «тарашкевіца» — гэта правапіс. Ці варта дзеля правапісу падымаць такі вэрхал?
І ўсё ж ужыванне гэтага слова паказвае: пад «тарашкевіцаю» даўнімаецца нешта большае, чым правапісныя нормы. Дылетанты нават маюць гэткае цьмянае ўяўленне, быццам існуе нейкі ідэальны адменнік беларускае мовы, аднойчы скадыфікаваны Браніславам Тарашкевічам, адкуль мы чэрпаем усё найлепшае і не можам сягнуць дна. Постаць аўтара сціплае граматыкі для школ у іх вырастае да абсягаў тытана і дэміюрга. Хоць насамрэч ніякае кадыфікацыі мовы Тарашкевіч ніколі не рабіў. Жаднае «тарашкевіцы» як мовы няма і ніколі не было. У гэтым пляне такія пісьменнікі, як Янка Купала, Якуб Колас, або аўтары слоўнікаў браты Гарэцкія, Байкоў, Некрашэвіч, кожны паасобку, для кадыфікацыі мовы зрабілі куды больш. Я ўжо не кажу пра Яна Станкевіча, які ў Заходняй Беларусі, а потым на эміграцыі адзін рабіў для мовы, для моўнае практыкі больш, чым уся савецкая Акадэмія навук за ўсю яе гісторыю існавання.
Тое, што не правапіс, а мову называюць «тарашкевіцай», вельмі кепскі сымптом. Ён паказвае: моўнае мысленне замяняецца правапісным. Веданне запраўднае, «несавецкае» мовы дасягаецца зусім простым «магічным» спосабам: ужываннем мяккага знаку, адумысным вымаўленнем замежных слоў ды «джэнтэльмэнскім наборам» модных і абсалютна недарэчных (тут я пагаджаюся з Шубам і Падлужным) украінізмаў ды палянізмаў: падчас (замест у час ), напрыканцы (замест у канцы , пад канец ), прыгадаць (замест успомніць ), распавядаць (замест расказваць ) і г.д. Гэты ўбогі узус, гэтая птушыная гамонка, у астатнім на 99% складзеная з русіцызмаў ды расійскіх кáлек, выдаецца — брат ты мой! — за «тарашкевіцу», а не абы-што… Я чытаў некаторыя нашыя друкаваныя выданні, пісаныя нібы на «тарашкевіцы», а насамрэч — проста з ужываннем мяккага знаку. Мова «Звязды» ў параўнанні з імі — вяршыня дасканаласці, «супэртарашкевіца».
Калі ж не зважаць на падмену мовы правапісам і ўсё ж гаварыць пра мову, то альтэрнатывы ў нас няма. Або мы адродзім запраўдную беларускую мову («тарашкевіцу», як кажуць тыя самыя дылетанты), або наагул уся гэтая гульня не вартая сьвечак. Хто не разумее таго — той, хутчэй за ўсё, сам не ведае беларускае мовы. За свае словы я гатоў адказваць. Мне пашчасціла да школы гадавацца ў дзеда на хутары. Беларуская мова для мяне родная не намінальна. Я яе ведаю не з кніжак і таму не баюся ў нечым пахібіць, ужыць дыялектызм. Пазьней, заглыбіўшыся ў старабеларускія тэксты, у тэксты старой «Нашае Нівы», эмігранцкія працы, я зразумеў, што «наркамаўка» (карыстаюся недакладным паспалітым тэрмінам) — гэта не беларуская мова, а яе імітацыя. Проста перакручаная расійская.
Ня варта цэлы этнас напружваць дзеля гэтай брыдоты. не варта дурыць людзям галовы. Мне «наркамаўка» агідная настолькі, што я ёй зычу сьмерці ў кожным разе. Калі не «тарашкевіца» — тады лепш расеізацыя. Тады ў РНЕ можна запісвацца. А яшчэ лепш — поўная і незваротная палянізацыя. Перафразуючы расійскага клясыка, скажу: не хай «славянские ручьи сольются в польском море». Перад наступам глябалізацыі чаму не зрабіцца панславістам? Але, дзякуй Богу, такой альтэрнатывы няма. І ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! І мы яшчэ пазмагаемся за беларускасць. Бо неімітаваная беларуская мова, «тарашкевіца», не мае сабе роўных у сваіх мажлівасцях. Чым больш я яе вывучаю, тым больш зьдзіўляюся яе сыстэмнасці, багаццю і хараству.
Разумею, што многіх, асабліва пісьменнікаў старэйшага пакалення, якія пачыналі за савецкім часам, мая катэгарычнасць абурыць. Яны ж пачуваюцца зьвязанымі з «наркамаўкаю». Але не варта сьпяшацца з высновамі. Я нікога не зьбіраюся скідаць з «параходу сучаснасці» і ніколі не рабіў гэтага раней. Рэч у тым, што беларуская мова вершаў і мастацкае прозы ў асноўным ляжыць па той бок памянёнае альтэрнатывы. Першае: бальшыня нашых пісьменнікаў выйшла з вёскі, дзе бытавала жывая народная гаворка. Другое: мастацкая мова абымае такія пласты лексыкі, якія ў савецкія часы менш за ўсё падпадалі пад расеізацыю. Хутчэй нашае — і маладзейшае за нас — пакаленне не здольнае авалодаць жывой гутарковаю моваю і вартае быць выкіненым на сьметнік. Чаму мы раптам спачувальна загаварылі пра «наркамаўку»? Бо ўсё менш ведаем беларускую мову. Усё часцей моўнае мысленне замяняем правапісным. І вось, знайшлі просты спосаб зымітаваць беларусізацыю — вярнуцца да «наркамаўкі».
Пад канец хацелася б прытачыць шэраг парадоксаў нашае моўнае сьведамасці, якія я доўно ўжо назіраю.
Парадокс-1: «дэмагог» (палітычны). Змагаемся за пашырэнне беларускае мовы, але не дбаем пра яе якасць. (Пашыраны сярод палітыкаў і іншых «актывістаў».)
Парадокс-2: «сава» (ідэалягічны). На расійскай ці не якаснай, зрасеізаванай беларускай мове лаем усё расійскае, як тая сава, што лучыла ў цень арла. (Пашыраны сярод «нацыяналістаў».)
Парадокс-3: «кляпан» (гнасэалягічны). Паблажліва ставімся да асобных расеянізмаў, але адразу выкрэсліваем незразумелае для нас беларускае слова. (Пашыраны сярод рэдактараў газет.)
Парадокс-4: «шызафрэнія» (эстэтычны). Шукаем патрэбнае чыста беларускае слова, але, як толькі дасьведчаны чалавек падказвае нам яго, кажам, што гэта нешта не  тое. (Пашыраны сярод «спэцыялістаў», якія спрабуюць карыстацца беларускаю мовай.)
Парадокс-5: «кастрацыя» (сыстэмны). Так пнемся пазбыцца расеянізмаў, што ладны абсяг нармальных беларускіх слоў не ўжываем. (Пашыраны сярод «пурыстаў».)
Усё тое, што я тут пасьпеў сьпешна і хаатычна накідаць, сьведчыць пра адну страшную рэч: у нас склалася дзьвюхмоўе, якое Леў Шчэрба назваў адна мова з двума тэрмінамі . У запраўднасці ўжо няма беларускае мовы. Ёсць адна, расійская, — з расійскім і беларускім тэрмінамі. А адраджаць мову варта як асобную сыстэму мыслення. Мова, якая існуе толькі намінальна, — самападман, яе не павінна быць. Але не варта апускаць рукі. Мы жывем у глябалізаваным сьвеце, дзе пад пагрозай усе мовы. Калі мы можам зьнікнуць сёння, летувісы — заўтра, а французы — пазаўтра, дык няма вялікай розьніцы. І ўсё ж, я думаю, людзі рана ці позна нацешацца палітычнаю гігантаманіяй, як нацешыліся асушэннем балот, цаліной і камунізмам. А тады адзінаю альтэрнатываю стане сыстэма культурных манадаў — мноства аўтаномных, а неізаляваных культурных асяродкаў, якія будуць станавіць сабою альтэрнатыўныя мадэлі існавання й мыслення.
Васіль Быкаў,
народны пісьменнік Беларусі,
Менск
Ян Максімюк,
палітычны аналітык, Прага
У 80-я гады «тарашкевіца» зьявілася ў беларускім адраджэнскім руху разам з нанава распаленым «хаценнем людзьмі звацца» і з нанава адкрытымі бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Несумненна, што «тарашкевіца» ў той час была неадлучным атрыбутам жывой антысавецкай беларушчыны (ёю ж зусім натуральна карысталася заакіянская эміграцыя!), таму яна ніякім чынам нямагла выпасці з нацыястваральнага «праекту» адраджэнцаў. І яна давала ейным карыстальнікам дадатковае пачуццё свабоды, разьняволення з прыгону савецкай беларушчыны. Таму магчыма нават сказаць, што гэта «тарашкевіца» знайшла адраджэнцаў, а не яны яе.
Для мяне асабіста выбар паміж «наркамаўкай» і «тарашкевіцай» паўстаў з усёй вастрынёй у пачатку 90-х, калі я быў акунуўся з галавою ў пераклад «Уліса» Джэймса Джойса і шукаў адэкватнай «моўнай прасторы», у якую можна было б зьмясціць лінгвістычна-стылістычныя вычварэнствы гэтае кніжкі. «Тарашкевіца» тады ўявілася мне перш за ўсё як раскаваная моўная сыстэма, якая дала шырокі прастор і магутны імпульс для перакладніцкіх пошукаў новага слова і фразы — а не толькі як асобны ад савецкага правапіс. Гэтага погляду, дарэчы, я не зьмяніў і да сёння. Інакш сказаўшы, наркамаўскі правапіс мяне не інсьпіруе ні да пісання, ні да чытання па-беларуску. Зь цягам часу, чытаючы «адраджэнскую літаратуру» 90-х, я дайшоў да высновы, што так або неяк падобна думае бальшыня маіх улюбёных аўтараў. У іхных тэкстах было не толькі больш «ь» і «э» ў параўнанні з наркамаўскімі, але і больш сьвежага ды цікавага. Я думаю, што перш за ўсё вяртанню «тарашкевіцы» ў беларускае прыгожае пісьменства мы абавязаны тым, што гэтае пісьменства не загнулася назусім, а абнавілася і працягвае намацваць сабе шляхі ў трэцім тысячагоддзі. Зусім сур’ёзна.
Хоць і даўно ўжо я не наведваўся ў Менск, ды ўсё ж адчуваю, што хто-ніхто там спрабуе зрабіць «тарашкевіцу» — разам з Пазьняком з аднаго боку і Лукашэнкам з другога — віноўніцай у правале «беларускага адраджэння». Маўляў, настваралі мы БНФаў і напрыдумлялі новых словаў, але толькі для сябе, бо народ нас не разумее і абыходзіцца «бяз нас». Значыць, давайце рабіць так, як і народ, што вывучае белмову ў школах у савецкім правапісе. Магчыма, у гэтым ёсць свая палітычная слушнасць, нават неаспрэчная. Ды толькі да выжывання мовы гэтая слушнасць не мае вялікага дачынення. Жывучасць беларускай мовы на сёння, па-мойму, вызначае не колькасць людзей, якія на ёй гавораць, а колькасць тых, якія ў гэтай мове нешта істотнае кажуць. У гэтым сэнсе я пакуль што не бачу за «наркамаўкай» нейкай сьвятлейшай будучыні.
Мяркуючы з досьведу ірляндцаў і нарвэжцаў, якія ўжо больш за сто гадоў (з выдатнай і непахіснай дапамогай дзяржаўнага апарату і бюджэту) беспасьпяхова адкопваюць свае вясковыя мовы з-пад каляніяльных завалаў (ірляндзкую — з-пад англійскага, а нованарвэскую — з-пад дацкага), не толькі хібная «адраджэнская стратэгія» і байструкаватасць дзяржаўнай улады вінаватыя ў працяглым заняпадзе беларускай мовы ў беларускай краіне. Хутчэй за ўсё, тут ёсць яшчэ нешта страшнейшае, безназоўнае. Гэта яшчэ адзін аргумэнт, што «тарашкевіца» тут можа быць зусім ні пры чым. З другога ж боку, зусім магчыма, што гэты заняпад і ёсць такой фатальнай і непазбыўнай акалічнасцю, якая дазваляе беларускай мове выжываць, то бок ейным карыстальнікам казаць усё яшчэ нешта істотнае. Інакш кажучы, мы ўсё яшчэ хочам змагацца…
Сяргей Абламейка,
літаратар, журналіст, Прага
Не, не правільна. З вышыні сённяшняй веды ўжо можна сказаць, што — не. Сам я застаюся прыхільнікам «тарашкевіцы», не прымаючы савецкага гвалту над мовай. Я нават не ўмею пісаць на наркамаўцы — развучыўся за апошнія 18 гадоў, бо з 1985 году яе не ўжываю. Ужыванне «тарашкевіцы» тады было формай антысавецкага пратэсту, непрымання савецкіх рэаліяў. Быў і яшчэ адзін аспэкт. Літаратурная мова ў Эўропе традыцыйна фармуецца на падставе сталічных гаворак — гэта значыць тых, што існуюць вакол сталіцы дзяржавы ці народу. «Тарашкевіца» стваралася на падставе віленскіх гаворак — у ваколіцах Вільні і сёння так гавораць, чыстую «тарашкевіцу» можна і цяпер пачуць, напрыклад, у вёсках Мядзельскага раёну. Таму ўжыванне «тарашкевіцы» ў 80-я гады было і формай непрызнання перадачы Вільні літоўцам у 1939 годзе. Але падабаецца гэта нам ці не, сёння сталіца Беларусі — Менск…
Таму як журналіст, як вядучы, які да таго ж некалькі гадоў працаваў рэдактарам інтэрнэт-выпуску Беларускай службы радыё «Свабода», — адным словам, як практык, я бачу і праблемы, якія паўстаюць праз нарматыўны і граматычны разнабой у беларускіх галовах. Пры гэтым не трэба забывацца, што моладзь разам з «тарашкевіцай» у 80-я гады завяла і традыцыю ўжывання пэўнага пласту словаў, на якія ў савецкай і постсавецкай Беларусі людзі забыліся (ці іх прымусілі забыцца). А любоў да «тарашкевіцы» ў нэафітаў часта пераходзіць у словатворчасць — у выніку нараджаюцца словы-пачвары, а іх аўтары забываюцца на стыль і густ. Адзін малады прыхільнік «тарашкевіцы» не ведаў слова «паморак» і напісаў «згіненне жывёлы»… А пра сынтаксычныя хібы і гаварыць не варта. Таму я заўсёды раю (вядома, тым, хто здольны прымаць парады) больш чытаць Гарэцкага, Кузьму Чорнага, Брыля і Адамчыка. А сам сёння ўжо разумею, што ў 80-я гады дастаткова было абмежавацца мяккім знакам і «я» пераднаціскным — быў бы шыкоўны кампраміс. Але не было таго, хто б парадзіў…
Аліса Бізяева,
аглядальніца газеты «Человек и Интернет»,
стваральніца рэсурсу litara.net, Менск
Мне падаецца, што іх выбар быў даволі просты: граматыка Тарашкевіча адпавядала большасці абраных сымбаляў, была бліжэйшая да каранёў, не сапсаваная русіфікацыяй. А цяпер складана адказаць на пастаўленае мне пытанне. З аднаго боку, граматыка Тарашкевіча лепей перадае мілагучнасць беларускае мовы, больш адпавядае яе фанэтыцы. Але «тарашкевіца» не стала агульнапрынятым правапісам, і рознасць напісанняў стала яшчэ адным выяўленнем рознасці поглядаў на нацыянальнае адраджэнне. І без таго рэдкае, беларускае слова, напісанае «тарашкевіцай», у акадэмічных і грамадзкіх інстытутах часта ўспрымаецца значна горш, чым пададзенае па-расійску.
Калі я вучылася на журфаку, пісала свае курсавыя «наркамаўкай» і чытала «ARCHE» «тарашкевіцай». У крытычных творах вельмі шанаванага мною Пятра Васючэнкі не было мяккіх знакаў, а ў творах не менш шанаванага Ігара Бабкова — былі. Людзям, якія сапраўды хочуць захаваць нацыянальную мову любымі сродкамі, няма патрэбы спрачацца з-за правапісу. Яны абралі беларускую мову і часта гатовыя карыстацца тым правапісам, якога вымагае сытуацыя.
Ілля Глыбоўскі,
супрацоўнік фундацыі «Чалавек у не долі»,
Прага
Chutčej nie, byŭ jinšy, bolš prahresiŭny šlach (dyj ciapier jašče nia pozna jim pajści). Dla mianie hałoŭnaje pytańnie nie ŭ hramatycy, a ŭ hraficy. Pry vykarystańni łacinki źnikaje prablema miakkaha znaku, vakoł jakoj nia pieršaje dziesiacihodździe jduć pustyja sprečki. Spraščajecca tranślitaracyja imionaŭ ułasnych, vizualna pieradajucca «h» i «g». Na hety šlach stali nia tolki bolšaść słavianskich narodaŭ, ale j małdavanie, tatary. Adnyja tolki vyhody ŭ sfery sučasnych technalohij i kamunikacyj adrazu na niekalki hod napierad pasunuć naš narod. Łacinka moža papravić i niekatoryja kompleksy biełarusaǔ.
Павал Жук,
бізнэсовец, Менск
Некарэктна гаварыць пра выбар: выбару не было. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя была пачатая справа пабудовы новай Беларусі, адраджэння нацыі. Мова — яе асноўны атрыбут, які фармуе мэнтальнасць, ідэнтыфікуе нацыю. Савецкая беларуская мова не магла і не можа выконваць гэтыя задачы. Як тады, так і цяпер праблема ў мове, а не ў правапісе. У той, ужо далёкі, час вярнуліся да забытай моўнай базы, якую паспрабаваў фармалізаваць у правілы правапісу Тарашкевіч і якая давала шанец адарвацца ад савецкай белмовы. Усе дакументы тае эпохі, прамовы і г.д. пісаліся адраджэнцамі на «тарашкевіцы». Тады ўжо стала зразумела, што гэтая аснова недастатковая і яе трэба дарабляць, адаптоўваць да рэаліяў. Навуковага асэнсавання і абгрунтавання не зроблена да гэтага часу. Былі спробы выдання слоўнікаў, у асноўным спэцыялізаваных, але гэта былі высілкі энтузіястаў. Таксама і мова незалежнай прэсы, ад «Навінаў БНФ», потым «Свабоды», «Нашай Нівы», грунтавалася на палкім жаданні адарвацца ад «саўка». Аднаго жадання было мала. «Савок» перамог. Пакуль. Мара пабудовы Краіны Беларусі застаецца і павінна рэалізавацца. Бо нацыя, якая вучыць мову па трасянкавых слоўніках, чытае творы, напісаныя беларускай савецкай мовай, асуджаная на марудную, а значыць, больш небясьпечную асыміляцыю. Асабіста я спрабую дасканаліць сваё ўжыванне «тарашкевіцы».
Уладзімір Каткоўскі,
праграміст, стваральнік інтэрнэт-рэсурсу pravapis.org,
Франкфурт-на-Майне
Гэта быў абсалютна правільны выбар, у якім было два аспэкты: сымбалічны і практычны. Галоўны сымбалізм у тым, што мы адмяжоўваліся ад нежывой, сувэнірнай мовы БТ і радыёкропкі. Сымбалізм быў і ў тым, што мы адмовіліся ад бальшавіцкай рэформы 1933 году. Гэта значыць «два ў адным»: і ад камунізму, і ад непатрэбнай русіфікацыі.
Практычны аспэкт, я думаю, зразумелы. Па-першае, стандартная, але зацьвярдзелая і зьмярцьвелая сыстэма «наркамаўкі» не дае мове разьвівацца. Фактычна, «наркамаўка» праспала ХХ стагоддзе і працягвае спаць у ХХІ-м. Па-другое, «наркамаўка» вельмі адмоўна ўплывае на вымаўленне тых, хто вывучае беларускую мову ў школе як другую, хоць быццам бы і «родную» мову.
Выбар быў цалкам правільны, але вялікая памылка і найвялікшая праблема палягае ў тым, што не было зроблена «сучаснай нармалізацыі», якую нам спадар Вячорка абяцаў вельмі даўно. Гэтая сытуацыя зрабіла з прыхільнікаў клясычнага правапісу нейкіх моўных анархістаў і вельмі папсавала імідж «мяккім знакам». Я зь вялікім нецярпеннем чакаю на новы стандарт клясычнага правапісу. (Гл. таксама http://www.livejournal.com/users/rydel23/155068.html)
Сяржук Сокалаў-Воюш,
паэт, Прага—Нью-Ёрк
Адраджэнцы канца 80-х ніякага выбару не рабілі. Пэрсанальна перада мной ніколі не паўставала пытанне пераходу на «тарашкевіцу». Проста аднойчы я даведаўся, што яна ёсць, і адразу ж пачаў яе ўжываць.
Гэта прыкладна тое самае, што з гісторыяй. Вывучаў у школе савецкую і савецкі варыянт беларускай, а потым, калі зразумеў, што ўсё гэта хлусьня, пачаў шукаць адпаведную літаратуру й вывучаць тое, што лічыў праўдзівым і сапраўдным.
Ці правільна зрабілі адраджэнцы… А ці правільна зрабілі марскія жывёлы, стаўшы земнаводнымі, сухапутнымі? Ці правільна робіць дрэва, калі чапляецца каранямі за скалу, а іншае — за глебу на раўніне?
Пытанне «тарашкевіцы» — гэта пытанне натуралёвасці, якая дазваляе выжыць і жыць, пытанне гармоніі.
Па-мойму, сам факт узьнікнення такіх пытанняў сьведчыць пра грамадзтва, у якім мы жывём. Рэфарматары скажуць, што падобнае грамадзтва трэба рэфармаваць, а я думаю, што перад тым трэба чалавеку даць магчымасць зразумець самога сябе і стаць самім сабою. Тады пытання, які правапіс ужываць, папросту не ўзьнікне.
Вы можаце запытацца, што было б, калі б адраджэнцы не пачалі ўжываць клясычнага правапісу… не ведаю. Напэўна, я быў бы адзіным, хто трымаўся б яго.
Сяргей Шупа,
лінгвіст, Прага—Вільня
На самое пытанне я адказваць не буду, бо ў самім ім ужо закладзеная ідэя супрацьстаяння двух варыянтаў літаратурнай беларускай мовы. Я выкажуся наконт самой гэтай ідэі.
Ніякай праблемы «супрацьстаяння» «наркамаўкі» і «тарашкевіцы» няма. Уяўная «ўнармаванасць» «наркамаўкі» і «неўнармаванасць» «тарашкевіцы» — гэта ўсё фікцыя. Беларуская мова — адна і адзіная. З гледзішча культуры мовы яна можа быць добрая і дрэнная. І як добрую мову ніяк не сапсуе «наркамаўка», гэтак і дрэнную ніяк не ўратуе «тарашкевіца». «Наркамаўка» ніяк не абмяжоўвае творчасці, гэтак сама як «тарашкевіца» не дае carte blanche на безагляднае саматужніцтва.
Міжусобныя антаганісты — ворагі адпаведна «наркамаўкі» і «тарашкевіцы» — гэта ў пераважнай сваёй большасці недастаткова пісьменныя ў беларускай мове людзі, якія падсьвядома сваю малапісьменнасць адчуваюць і спрабуюць схавацца за папрокі — маўляў, «наркамаўка» зрусіфікаваная або на «тарашкевіцы» ніхто не ведае, як правільна пісаць. Трэба проста павышаць культуру мовы, тады ўсялякія «мухі» наконт «супрацьстаяння» зьнікнуць самі сабою.
Істотнай розьніцы паміж «наркамаўкай» і «тарашкевіцай» няма. Вымаўленне накшталт [ сьвет ] ці [ ня быў ] аднолькавае і там, і там. Розьніца ў напісанні — справа густу. Розьніца ў напісанні мае абсалютна сыстэмны характар, і пераключэнне туды-сюды ніякіх праблем не стварае. Што да ўсялякіх філолагаў/філолагаў, сыстэмаў/сістэмаў — дык абодва варыянты аднолькава беларускія. Таксама справа густу.
Магчыма, існаванне аднаго варыянту шмат што спрасціла б. Ідэалам быў бы сынтэз «наркамаўкі» і «тарашкевіцы», напрыклад: узяць «наркамаўку», вярнуць туды мяккія знакі, «ня», безь вялікага фанатызму падгладзіць правапіс запазычанняў. Разьвітацца з фі лёля гамі і сы стэмамі, але захаваць А мэ рыку і Б эр лін. Што да «тарашкевічнай» лексыкі (Нямеччына, тэлевізія і падобнае), дык яна гэткая самая «тарашкевічная», як і «наркамаўская». Аднак, на жаль, афіцыйныя мовазнаўцы не дбаюць пра далейшы лёс мовы і адмаўляюцца ісці насустрач тым, хто ўжывае «тарашкевіцу», тым самым падтрымваючы надалей існаванне двух варыянтаў літаратурнай мовы, — пра сынтэз у імя еднасці Інстытут мовазнаўства не  дбае.
Ну й тае бяды. не хай жыве разнастайнасць :)
Максім Шчур,
філёзаф, паэт, Прага—Стакгольм
На пачатку 90-х гадоў «рэпрэсаваны правапіс» стаўся адным з сымбаляў змагання за зьмену палітычнай эліты — і гэтым ператварыўся з пытання моўнага ў палітычнае (прыгадайма паэму Сержука Сокалава-Воюша «Мяккі знак», адмысловы маніфэст адраджэнскага руху). Адраджэнцы абралі «тарашкевіцу» перадусім з палітычных меркаванняў і пачалі ёю карыстацца спантанна ды часам вельмі адвольна. Зразумела, што тыя, хто выступаў за нацыянальную эмансыпацыю, з захапленнем успрынялі «новую» тэндэнцыю ў мове: «пераадкрыццё» «тарашкевіцы» пазбавіла дзяржаву, а значыцца, і Камуністычную партыю фактычнай манаполіі на беларускую мову, абудзіла ў людзях хвалю цікавасці да яе й разбурыла міт аб спрадвечнай не зьменнасці расійска-беларускіх стасункаў, у тым ліку і ў галіне мовы. Усё гэта сьведчыла аб перамене палітычнага клімату ў краіне. Аднак у цэлым адраджэнцы тады пераацанілі псыхалягічную й ідэалягічную падрыхтаванасць беларускага народу да прыняцця вялікай колькасці радыкальных зьменаў адначасова.
Ільга сказаць, што з палітычнага гледзішча «тарашкевіца» нічым не нашкодзіла адраджэнцам, але й нічым не дапамагла, аднак эмацыйна падтрымала рух, бо стварыла ўражанне, быццам на ягоным баку веданне нейкай адмысловай праўды. На жаль, гэтае ўражанне не было праўдзівым. Як паказала далейшае разьвіццё сытуацыі, празьмерная палітызацыя нацыянальнага пытання ў той час была не ўдалым і заўчасным крокам. У той час я таксама быў «з прынцыпу» паспрабаваў пісаць у школе «зь мяккімі знакамі» — і адразу ж атрымаў за дыктоўку двайбан. Прыблізна тое самае сталася з нашымі «дарослымі» адраджэнцамі: іхную «радыкальнасць» у гэтым рэчышчы льга ўспрымаць як адну з праяваў не сьпеласці ўсяго тагачаснага руху. Галоўнае — не як пісалася, а што пісалася.
Напэўна, замест крайняй палітызацыі моўнага пытання й адкрытай канфрантацыі з афіцыйным правапісам варта было найбольш значныя навуковыя й літаратурныя творы, напісаныя й выдадзеныя да 1933 году (перадусім літаратурную клясыку — Купалу, Коласа, Гарэцкага, а таксама творы аўтараў-эмігрантаў), мэтаскіравана перавыдаць у арыгінальным правапісе, а не ў такім выглядзе, у якім яны былі вядомыя бальшыні з савецкіх часоў.
Зразумела, што, каб у той час быў дазволены выхад «сучаснай» кніжкі, надрукаванай «несучасным» правапісам, трэ было ўмець паразумецца не толькі з тагачаснымі ўладамі, але й з беларускімі рэдактарамі «савецкай школы», якія традыцыйна належаць да самых кансэрватыўных і пільных у сьвеце й практычна не ведаюць, чым рэдактура адрозьніваецца ад цэнзуры. Таксама ясна, што ў краіне з адсутнасцю ўяўлення аб прыватнай уласнасці й не толькі аўтарскіх, але й іншых правох чалавека растлумачыць гэтае адрозьненне цяжка яшчэ й сёння. У Савецкім Саюзе добра ведалі, што цэнзуру найлепш маскаваць менавіта пад рэдактурай. Рэдакцыі ўяўлялі сабой адно з адгалінаванняў улады, надзеленае паўнамоцтвамі ідэалягічнага кантролю, былі гэтай уладай у дачыненні да тэкстаў і іхных аўтараў. Прычым так паводзілі сябе не толькі рэдактары, але й перакладчыкі. Даходзіла да сьмешнага: гэтак, напрыклад, у чэскім перакладзе «Чорнага замку Альшанскага» бракуе (сярод многіх іншых пасажаў) апошняй фразы, «О, жыццё!» — толькі таму, што перакладалі з «удасканаленага» расійскага перакладу, надрукаванага ў «Нёмане» ў 1980—1981 гадох. Чый гэта быў пераклад, не нагадаеце?
Наагул, ідэалягічны кантроль за культурай з боку дзяржавы магчымы праз матэрыяльную несамастойнасць гэтай культуры ды фактычную адсутнасць прыватных выданняў. Ён і сёння застаецца такой самай праблемай, як і калісь.
Улучэнне ў правапісную норму неабходных і найбольш жыццяздольных элемэнтаў «тарашкевіцы» сталася б магчымае й патрэбнае толькі тады, калі «прыватнае» карыстанне імі настолькі распаўсюдзілася б, што пытанне пераходу на новы варыянт правапісу на дзяржаўным узроўні зрабілася б мэтазгодным. Пры такім разьвіцці падзеяў сёння мы ўжо рэгулярна сутыкаліся б калі не з «тарашкевіцай», дык з відочна «тарашкевізаванымі» варыянтамі «наркамаўкі» ў друку — хаця ў школе, магчыма, усё яшчэ вучыліся б «па-наркамаўску». Але зноў-такі — якіх гадоў пяць—дзесяць, не болей. З улучэннем у школьныя праграмы ўзгаданых клясычных тэкстаў рана ці позна паўстала б пытанне новай нормы.
Сяргей Дубавец,
рэдактар, Вільня
Пытанне і некарэктнае, і бескарыснае, і недакладнае (пра канец 80-х). А праблема тут чыста маральная. Гэта праблема ацэнкі сталінізму і русіфікацыі ў Беларусі. Пакуль такое ацэнкі не будзе хоць бы з боку беларускае інтэлігенцыі, два правапісы будуць суіснаваць, адзін — як увасабленне антыбеларускага і прасавецкага курсу аўтарытарнае ўлады, як вобраз прыгнёту, другі — як вобраз незалежнае беларушчыны.
Наяўнасць двух правапісаў, вядома, замінае. Але ў нашым гістарычным часе безь вяртання да клясычных нормаў нават тое адраджэнне, якое ёсць сёння (прыток моладзі ў беларушчыну), было б немагчымае. Сымболіка каляніялізму неспалучальная з эстэтыкай адраджэння. Гэта выбар паміж мёртвым і жывым.
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,
Атава
Абсалютна правільна. нямагу сабе і ўявіць іншага выбару.
Апытваў Алесь Пяткевіч, Прага
Copyright © 2003 Arche (arche.home.by). Reprinted with permission.