Правапіс·org

Алеська, <a href=»http://www.studumka.com/»>Студэнцкая Думка</a>

Любое месца мае афіцыйны назоў. Адылі не кожнае з іх мае гонар насіць яшчэ другое імя. Каб быць такім чынам ушанаваным, месца мусіць мець нейкую адметнасць. Гэтая спэцыфіка часта замацоўваецца ў слэнгавых назовах.

Можна вылучыць некалькі пазыцыяў, па якіх магчыма клясыфікаваць менскі тапанімічны слэнг:

  • Незвычайная архітэктура будынку. Напрыклад, дамы з назвамі «Даляр», «Падкова», «Шайба», «Туліпан», «Кукурузы».
  • Даўгія і замежнага паходжання назовы маюць тэндэнцыю да скароту: «Конса», «Філа», «Макдон».
  • Надпіс на доме можа стаць ягоным назовам: «Цэнтар», «Подзьвіг», «Народ», «Эўропа».
  • Нарэсце, любое тусовачнае месца (кавярні, пляцоўкі, бары, крамы, сталоўкі) мае слэнгавую назву.

<img src=»minsk1.jpg» width=»320» height=»224» alt=»Belarusian language — Minsk slang and colloquial expressions» /> Ёсць таксама назовы, якія ужываюцца дагэтуль, не гледзячы на зьмены, архітэктурныя перабудаванні і г.д. Але народная памяць захоўвае найбольш трапныя найменні нават зьніклых аб’ектаў. Таму гістарычны агляд таксама можа быць цікавым.

Цэнтар, Пятачок перад Макдонам. Назоў утварыўся ад надпісу на ўнівэрсаму «Цэнтральным», а таксама з-за блізкасці да рэальнага цэнтру горада. Тут зьбіраюцца панкі, скінгеды, анархісты, юпі й тыя, каму папросту няма чаго рабіць. Гэткі зрэз «залатой моладзі».

Макдон, ДаблДональдс. Неафіцыйныя назвы самай папулярнай у сьвеце рэстарацыі «МакДональдс». Макдон — скарачэнне назову. Частка другой назвы «Дабл» паказвае на тое, што ў народзе гэтую ўстанову ўважаюць за ўсясьветную сетку найтаннейшых прыбіральняў.

Памойка (некаторыя назовы мы адмыслова не перакладалі на беларускую — дзеля любові да народнай творчасці. Тым болей што, бывае, і не разьбярэш, якою ж моваю «ахрышчоны» той ці іншы аб’ект, а пры перакладзе часам губляецца этымалогія назоваў — заўв. рэд.). Кавярня пад Макдонам. Кажуць, што назва пайшла з-за якасці згатаванае ежы. Існуе таксама назоў Гадзюшнік — ніжні паверх былой кавярні, а Пад Слонікамі — верхні. На тым будынку колісь стаялі пінакліі — дэкаратыўныя вежачкі, якія атрымалі назву «слонікі». Слонікі -асацыяцыя з малапатрэбнымі фігуркамі слонікаў, якія ў 40-50 г.г. стаялі на камодзе, шафе, піяніна ў кожнае сям’і.

Вежа сьвятога Лаўрэньція. Бэльвэдэр на будынку КГБ. Лаўрэнціем быў не толькі Бэрыя, але й ягоны намесьнік на Беларусі Цанава.

Саркафаг, Маўзалей. Доўгабудоўлю Палац Рэспублікі, што на Кастрычніцкай плошчы, нарэсце скончылі будаваць. І перад нашымі вачыма паўстала нешта. Ніводнага дрэўца, ані клюмбы, ані травы навакол. Слова маўзалей паходзіць ад грэцкага mausōleion — манумэнтальнае пахавальнае збудаванне. Маўзалеі будаваліся ў Старажытным Рыме, Сярэдняй Азіі. Слова саркафаг паходзіць ад грэцкага sarkopfagos (літаральна мясажэр ) — манумэнтальная, парадна аформленая труна. Саркафагі пачалі будаваць у Старажытным Эгіпце, Старажытных Грэцыі і Рыме. У Беларусі яны зьявіліся з прыняццём хрысціянства, а канкрэтна гэты — за камуністамі. Сюды водзяць экскурсіі — у асноўным замежнікаў. Хто яго ведае, можа па начох ён і жарэ мяса…

ЖФ. Жалезны Фэлікс. Помнік часоў КГБ, да якога Славамір Адамовіч ускладаў моркву (паставіў да ўзножжа).

Ля Фэлікса, Квас. Раней піўнуха ля помніку Фэліксу мела назоў «Квас» (хоць налівалі ўсё адно піва).

(Ісці, спаткацца) на Грыцаўца (Грыцацуева). Помнік лётчыку-герою зьбірае сяброў, якія даўна не бачыліся, аматараў моцных напояў ды іншых цікаўных.

Пуп, Пуп зямлі. Цэнтар-помнік на Кастрычніцкай плошчы, адкуль ідуць усе дарогі. «Via est vita,» — напісана на ім. Гэта значыць: «Дарога — гэта жыццё» (ну як не пагадзіцца!). Тут пазначаны й ініцыятар усталявання помніку: «Знак адліку кілямэтражу аўтамабільных дарог устаноўлены з ліпеня 1998 году па ініцыятыве Камітэту па аўтамабільных дарогах пры падтрымцы Менскага гарвыканкаму» (напісана па-беларуску!!!). Вакол Пупа зьбіраюцца цікаўныя, разглядаюць надпісы…

Нёман. Дырэктарам былой рэстарацыі «Нёман» калісці быў нехта Нёма. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца рэстарацыя «Гішпанскі куток».

Труба. Пераход пад Скарынаўскім праспэктам на станцыі мэтро «Кастрычніцкая-Купалаўская». Тут заўсёды ажыўлена. Тусуюцца прадстаўнікі многіх сучасных моладзевых кірункаў, але ў асноўным скінгеды (з голенымі галовамі). Вялікая Труба — ужо ў самім мэтро — пераход на «Купалаўскую», Малая Труба — на «Кастрычніцкую». Падзел тлумачыцца тым, што прыступкі — гэта вялікі праход, а лесьвіца, якая рухаецца, малы.

Кішка. Пераход, які злучае пасярэдзіне станцыі мэтро «Кастрычніцкая» й «Купалаўская». Тусавацца тут немагчыма, бо пасажыры рухаюцца з вялікай хуткасцю.

Панікоўка. Сквэр ля Прэзыдэнцыі і Купалаўскага тэатру. Назва паходзіць ад фантану, дзе можна пабачыць хлопчыка з лебедзем. Народная фантазія праасыцыявала хлопца з Панікоўскім, а лебедзя з гусём. Тут зьбіраецца моладзь з півам ды бабкі-ботлхантэры.

Прэзыдэнцыя. Такі назоў атрымаў будынак Адміністрацыі прэзыдэнта. Хто там знаходзіцца, зразумела. А тусуюцца побач з прэзыдэнцыяй міліцыянты.

Нацыяналка. Гэта зусім не дзеўчына з нацыяналістычнымі поглядамі, а Нацыянальная бібліятэка Беларусі (раней Бібліятэка імя Леніна — Ленінка). Абыгрываецца таксама слова « naz i». Назва бібліятэкі набывае зусім ужо злавеснае гучанне: нацы, назі, нацыкі.

Тытанік. Круглая заля ў Нацыянальнай бібліятэцы (навукова-тэхнічная). Месца, дзе звычайна прызначаюць сустрэчы асьпіранты й іншая «навуковая» моладзь (і не толькі). Сёння назоў страчвае сваю актуальнасць, бо вялізныя вокны, якія надаюць залі падабенства да рубкі карабля, завешаныя фіранкамі-жалюзі.

Мутнае Вока. Кавярня ў Доме Мастака (пазьней перайменаваным у Дом Актора, а яшчэ пазьней зноў у Дом Мастака). Кавярня ёсць улюбёным месцам збору актораў, мастакоў, то бок артыстычнае «багемы». На маё пытанне: «А чаму ж вока мутнае?», мне адказалі: «А хто там цьвярозы быў?»

Стомэтроўка. Частка Скарынаўскага праспэкту ад цырку да плошчы Перамогі. Увечары тут працуюць дзевачкі й іхныя сутэнэры. Прыстойным дзяўчатам хадзіць рэкамэндуецца да 22-х гадзін, а пасля гэтага тэрміну ў суправаджэнні сэк’юрыці.

Круглая плошча. Плошча Перамогі мае хутчэй авальную форму. Круг даўна перабудавалі, а назва засталася.

Подзьвіг. Калі стаяць тварам да помніку на плошчы Перамогі, то ўперадзе, зьлева і справа, бачым два аднолькавыя жоўтыя будынкі, падобныя як блізьнюкі. На левым зьверху напісана «Подвиг народа», а на правым «Бессмертен». Гэтыя надпісы і далі назву будынкам. Пад «Подзьвігам» і «Бяссьмерцен» прызначаюць спатканні закаханыя, студэнты Лінгвістычнага ўнівэрсытэту і камуністы, якія накіроўваюцца ў Дом 1-га зьезду РСДРП. Крама ў «Подзьвігу» мае такую ж назву. Трэба адзначыць, што ў «Бяссьмерцен» функцыянуе неблагая кавярня «Бярозка», якая сама па сабе зьяўляецца арыенцірам.

Раён пыжыкавых (андатравых) капелюшоў, Царскае сяло. Раён за плошчай Перамогі паміж вуліцамі Захарава й Пуліхава. Раней тут жыла партыйная намэнклятура. Час камуністаў даўна мінуў. Пыжыкавыя капелюшы даступныя ўсім без вынятку клясам і перасталі быць прывілеяй партыйных дзеячоў. Кватэры панабывалі людзі з вялікімі грашыма. Але назва раёну захавалася. Такая вось іронія лёсу.

Гастраном «пад шпілем». На перакрыжаванні вуліц Краснай і Камуністычнай ёсць крама, якая атрымала назву «пад шпілем», таму што наверсе будынка можна пабачыць шпіль з зоркаю.

Р ы га насарога. Кавярня «Лета» на вуліцы Першамайскай. Без камэнтароў.

Чарнільніца. А гэта — Палац мастацтва, які знаходзіцца ля плошчы Перамогі. Атрымаў назву ад свайго бэзава-чарнільнага колеру, у які пафарбаваны. Сюды ходзіць інтэлігенцыя з вышэйшай адукацыяй паглядзець выставы.

Казлабродзкая. Так завуцца вуліцы Казлова і Даўгабродзкая (адна ёсць лягічным працягам другой). Атрымалася гэткае вось спалучэнне назваў.

Філ а ра, філ а . Пляцоўка перад філярмоніяй. Тут зьбіраюцца аматары клясычнае музыкі да пачатку канцэртаў, нэтчыкі, фідошнікі, наведвальнікі чатаў і йншая прасунутая моладзь.

Камяні. Месца за філярмоніяй, дзе любяць зьбірацца ралевікі — сябры клюбу ралявых гульняў.

Кукурузы, Кукурузьнікі. Так называюцца некалькі дамоў, што на вуліцы Веры Харужай. А атрымалі яны сваю назву з-за незвычайнага плянавання: яны круглыя, з круглымі ж гаўбцамі. Усё разам нагадвае кукурузны пачатак.

Зьвёздачка. Унівэрсам «Звёздный» насупроць Кукурузаў.

Бардак Пятра Іванавіча. Так па першых літарах расшыфроўвалася былая назва Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі (раней акадэмія была інстытутам — БПІ). А Пётар Іванавіч Яшчарыцын — адзін з былых яе рэктараў.

Тэлевізар. З усіх бакоў шкляная кавярня «Батлейка».

Акадэмка. Гэткі назоў маюць адразу тры аб’екты: Акадэмічная бібліятэка, станцыя мэтро»Акадэмія навук» і крама «Акадэмкніга».

Тыща свалачэй. На плошчы Калініна ёсць крама «1000 мелочей», а побач, справа, кветкавая крама. Казалі: «Налева — тыща мелачэй, направа — тыща свалачэй».

Эўропа. Каб беларусам так жа ж лёгка было ўвайсці ў Эўропу, як яны ўваходзяць у краму «Эўрапэйскую»!

Дам ы з «малюнкамі» (каля станцыі мэтро «Ўсход»). Гэта чатыры дамы, з фасаду якіх бачныя незвычайныя мазаікі.

Падкова. Дом на Каліноўскага, 48. Мае форму падковы (усё вельмі проста).

Кулёк. Неафіцыйная назва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры. Тут тусуюцца выкладнікі; здараецца, што БДзУК наведваюць і студэнты. Вельмі спадабалася яшчэ адна назва — Інстытут культуры і адпачынку (унівэрсытэтам установа стала называцца ўзважна не даўна).

Рыгалаўка. У будынку, дзе зараз знаходзіцца «Папараць-кветка», была забягалаўка «Фабрыка-кухня». Гэта была даступная, танная сталоўка для люмпэн-пралетарыяту, і яе назоў кажа сам за сябе. Так яшчэ, кажуць, называліся ўсе студэнцкія сталоўкі.

Плесень. Назва піўбара «Ясень», што знаходзіўся на пустыры з правага боку ад былога кляштару бэрнардынцаў (сённяшняга архіву музэю літаратуры і мастацтва) на пляцы Волі.

Жураўлі. Былая рэстарацыя «Журавінка» на вуліцы Я. Купалы. Гэта было месца, куды хадзілі есці комплексныя абеды й піць чэскае піва «Пілізно».

Чорныя Скалы. Назва «Тэатральнай кавярні», што на вуліцы Багдановіча, ля Сувораўскае вучэльні. Існуе легенда, што калісці даўна навучэнцы-сувораўцы ў чорнай форме ўтварылі грандыёзную бойку ў кавярні і зрабілі кучу малу, ды такую, што зьнешне яна нагадвала высокія скалы.

Ля Ск а ла. Кавярня «Уют» на рагу Чычэрына і Камуністычнай. Назва паходзіць, відаць, ад частых наведнікаў — супрацоўнікаў Опэрнага тэатру, які месціцца побач.

Крама генэральская. Знаходзіцца насупроць расійскае амбасады на Камуністычнай вуліцы (генэралы-камуністы-расейцы — нехта мудра ўсё аб’яднаў). Назва пайшла ад жыхароў дома — вайскоўцаў. Крама за савецкім часам хавала ад простых сьмяротных харчовыя дэфіцыты. А цяпер гэта выдатнае месца, дзе часам хаваюцца несанкцыяваныя пікетоўнікі.

Масоны. На пляцы Волі быў калісці дом, у якім, па паданнях, зьбіраліся масоны. Цяпер засталіся толькі разваліны, але ў народнай памяці захавалася назва гэтага месца.

Конса, Кансэрва. Назва кансэрваторыі — Беларускай акадэміі музыкі.

Сасіскі. Ля Консы ў чырвоным цагляным доме, дзе знаходзіцца кавярня «Пінгвін», была крама, куды студэнты вышэйзгаданае ўстановы хадзілі есці вышэйзгаданую ежу. Зараз там прадаюцца торты й г. д.

Мастакі. Сквэр насупроць Консы, дзе мастакі гандлююць прадуктамі сваёй творчасці. Знаўцы кажуць, што тут часам патрапляюцца неблагія творы.

Панэль. Месца побач з Мастакамі.

Дом Мусінскага. Дом на «Нямізе». Мусінскі — архітэктар гэтага дома.

Прастуда. Піўная «Прохлада» на не мізе.

Пяньк і . Былы дом культуры заводу «Луч», які вырабляе абутак. Знаходзіцца на не мізе насупроць МакДональдсу. «Пянькі» слаўныя тым, што тут гралі біт, калі яго не гралі амаль нідзе.

Шайба. Клюб «West World». Будынак перад гасцёўняй «Беларусь» формаю нагадвае звычайную хакейную шайбу гіганцкіх памераў.

Павучынне. Кавярня «Ромашка» на праспэкце Машэрава. Верагодна, назоў пайшоў ад складанага перапляцення лесьвіцаў. Ёсць і йншы варыянт паходжання: павучынне раскладалі хлопцы для наіўных дзяўчат.

Юбілейка. Каля гасцёўні «Юбілейная» тусуецца шмат замежнікаў. Тут працуюць «начныя бабачкі».

Гарбаты мосцік. Мост за Траецкім прадмесцем.

Старажоўка. Старажоўскага рынку ўжо даўна няма, а назва месца захавалася.

Бухенвальд. Сталоўка БПІ на Сурганава. Як кармілі, маўляў, так і называлася (існуе яшчэ адна вэрсія паходжання гэтага назову — заўв. рэд.).

Унівэр. Гэта неафіцыйная назва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Студэнты, якія вучацца на спэцыяльнасці «прыкладная матэматыка», называюцца «прыматы», а радыёфізыкі — «рафікі». Раней філязофскі і эканамічны факультэты мелі адзін дах і адну назву — ФЭФ, якая расшыфроўвалася як «факультэт эратычных фантазіяў».

ПНУ. Расшыфроўвалася як «Піўная Насупроць Унівэрсытэту».

Гай. Адна з філіяў унівэру знаходзіцца ў гаі (дарэчы, гэткі ж назоў мае і прыпынак электрычкі), што за кальцавой дарогай. Там вучацца радыёфізыкі, біёлягі, тамсама знаходзяцца й інтэрнаты. Калісці тут плянаваўся паўнавартасны студэнцкі гарадок, але пляны покуль засталіся толькі на паперы.

Куб і нка. Так называлася звычайная сталоўка на вуліцы Валадарскага, не даходзячы да Рускага тэатру. У 70-я гады ва ўнівэрсытэце зьявілася шмат кубінскіх студэнтаў. Відаць, кубінкі асядалі менавіта ў гэтай таннай сталоўцы.

Валадарка. Вязьніца на вуліцы Валадарскага, дзе калі-небудзь зьявяцца мэмарыяльныя дошкі знакамітых вязьняў.

Бранетанкавы, Танк, Пэдун. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўнівэрсытэт імя М. Танка мае вельмі калярытную назву. На слэнгу абыгрываецца як слова «танк», так і прыналежнасць да педагагічнае галіны. Студэнты БДзПУ завуцца «танкістамі».

Даляр. Такую назву мае дом №15 па вуліцы Кульман. Калі глядзець на яго зьверху, то можна заўважыць, што ён мае форму даляра. Лічыцца вельмі прэстыжным, да таго ж кватэры ў ім надта дарагія. Відаць, трэба шмат зялёных купюраў, каб набыць такую.

»На Розачкі». Так кажуць людзі, якія жывуць на вуліцы Розы Люксэмбург. Нагадаю, што гэтая дзяячка была адным з заснавальнікаў камуністычнай партыі не меччыны. Дарэчная назва для беларускае вуліцы!

Аэрапік, порт. Аэрапорт «Мінск-1».

Умань. Скарочаная назва вуліцы Ўманскай.

Тульпан, Рамонак. Назва выстаўнага павільёну БелЭКСПА на Машэрава, 14. Атрымаў такі назоў з-за арыгінальнай архітэктуры, якая нагадвае рамонак альбо тульпан пялёсткамі дадолу.

Берасцейская крэпасць, Бастылія. Даўгі чырвоны дом на вуліцы Танкавай (раней вуліцы М. Танка) нагадвае чырвоную цэглу фартэцыі-героя. А не роўны верх дома — разбураныя пабудовы крэпасці. А Бастылія — таму што гэта таксама знакамітая крэпасць.

Камс а . Папросту Камсамольскае возера.

Аўтаз. Назва Менскага аўтамабільнага заводу, што ля Партызанскага праспэкту. Выпускае: грузавыя аўтамабілі, аўтасамазвалы, аўтамабілі-лесавозы й аўтапрычэпы. Моц!

Шарыкі. Раён ля шарыкападшыпнікавага заводу. Вырабляе шарыкі й падшыпнікі. Тусуюцца працоўныя й іхнае кіраўніцтва.

У народ. Каля будучае станцыі мэтро «Ангарская» калісці на дамах быў надпіс «Народ и партия едины». Адзін з будынкаў меў краму, у якую хадзілі «Ў народ». На жаль (а, можа, наадварот, на шчасце, навошта эўрапеізаваным беларусам такія лёзунгі), надпіс зьнялі.

Даліна маньякоў. У Пятроўшчыне, насупроць мэдінстытуту, ёсць даліна, вядомая тым, што там здараліся выпадкі, як у фільмах жахаў. Даліна ёсць месцам дзеяння дзіцячых страшылак. Вядома, гэта найчасцей чуткі й дзейкі, чымся рэаліі, але, відаць, гэтае месца моцна прыцягвае маньякоў. У іх там адбываюцца ўсесаюзныя зьлёты (навучанне з практычнаю часткаю).

Ангар а . Раён вуліцы Ангарскай.

Сухар ы . Раён Сухарава.

Курас ы . Раён Курасоўшчына.

Ждан ы , Жд а нікі. Ждановічы.

Камар ы . Раён Камароўкі.

Ракас ы . Праспэкт Ракасоўскага.

Карч ы . Танцпляцоўка ў лесапарку паміж трактарным і аўтазаводам у парку 50-годдзя Кастрычніка.

Лужок. Гэта — не пра Лужкова, а пра раён Зялёны Луг.

Лазьня. Сярод студэнтаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту «хадзіць у лазьню» значыла зусім не хадзіць мыцца, а піць гарэлку ў бары ля лазьні на Мар’еўскай вуліцы (знаходзіцца недалёка ад вышэйзгаданае ВНУ). Кажуць, піва там было таннае, а гарэлку дазвалялася прыносіць з сабой.

Сасок. Піўбар «Аліварыя» на вуліцы Кісялёва. Сярод заядлых тусоўнікаў тут заўважаныя студэнты Лінгвістычнага, кансэрваторыі. Плюс розныя там яшчэ…

Чэйндж. Паходзіць, як вы, напэўна, здагадаліся, ад ангельскага change. Так завецца пункт прыёму шклатары на заводзе «Аліварыя». Прасцей кажучы, тут можна пустыя пляшкі зьмяняць на поўныя.

Дзібілдзінг. У Лінгвістычным унівэрсытэце корпус Д (былы інтэрнат), што знаходзіцца за будынкам ВНУ, насупроць ТБМ. Вось такі D-building на беларускі манэр. Яшчэ адзін варыянт паходжання — deep knowledge building (пабудова глыбокіх ведаў), прычым deep knowledge скарацілася да «дзі»… Наколькі глыбокія веды ў насельнікаў дадзенага будынка, вырашайце самі, але з гумарам у іх усё ў парадку.

Фэля, Фэлікс, Пад Гадзіннікам. Назвы піўбару, які зараз завецца «Узвышшам». Побач стаіць жалезная постаць Фэлікса Дзяржынскага. Наверсе дома, дзе месціцца бар, можна бачыць гадзіннік. Існуе павер’е: хто пачынае піць піва ў гэтым бары, мусіць ускласці кветкі да злавеснага пастамэнту Фэлі.

Чэлюсці. Так ахрышчаны парк Чалюскінцаў. Нагадаю, што чалюскінцы — удзельнікі савецкай палярнай экспэдыцыі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Параход «Чалюскін» быў скаваны крыгамі, але пацярпелых выратавалі. Гісторыя, безумоўна, гераічная. Але якое дачыненне яна мае да менскага парку — загадка.

Сцякляшка. У раёне кінатэатру «Перамога» ёсць бар «Ілюзіён». Дык вось, побач было летняе памяшканне пад назваю Сцякляшка. Тут любіла зьбірацца апазыцыйна настроеная моладзь, інтэлігенцыя — дысыдэнты, так бы мовіць. Гэта, відаць, было адной з прычынаў таго, што памяшканне зьнеслі. Сцякляшкамі таксама завуцца пітныя ўстановы ля стадыёну «Дынама». Там сядзяць зазвычай гандляры з кірмашу, а ўвечары трапляюцца і студэнты БДУ, што жывуць побач у інтэрнатах.

Сухар а ва. Зьмена націску ператварае назоў у нешта японскае. Празрысты намёк на тое, што раён знаходзіцца чорт ведама дзе. Хаця й некаторыя аб’екты ў цэнтры таксама «япанізуюцца»: як вам падабаецца назва вуліцы Сурган а ва з націскам на перадапошнім складзе?

Капейка. Інтэрнат гістфаку БДУ на Сьвярдлова, 34.

Мат у га. Неафіцыйны назоў Менскае авіятэхнічнае вучэльні (абрэвіятура па-расійску — МАТУ), што ў Чыжоўцы.

Пцічнік. Раён Курасоўшчына. Частка назвы — «кура» (птушка такая).

Асліныя Вушы. На рагу вуліцаў Сурганава і Акадэмічнай стаяць два высокія аднолькавыя будынкі. Адзін з іх належыць Акадэміі Навук, другі — факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Цікава, хто гэта асацыюецца з жывёлінамі: навукоўцы ці элітарныя студэнты?

Пэнтагон. Так называецца штаб Беларускай вайсковай акругі, што месціцца каля крамы «Пад шпілем».

Каракаціца. ** Яшчэ адна назва выстаўнага павільёну БелЭКСПА на пр. Машэрава,14. Відаць, надта ўжо не ўпісваецца хвалістая архітэктура будыніны ва ўрбаністычны ляндшафт.

Партызаны. Жыхары Партызанскага праспэкту.

Маякоўка. Вуліца Маякоўскага. Хоць ён і рускі савецкі паэт, але адзначыўся бунтарскаю дзейнасцю. Гнеўна пратэставаў. Патасна высьмейваў. Выкрываў антычалавечую прыроду капіталістычнага сьвету. І г.д…

Мнімск. Гэты варыянт назову сталіцы прыдумаў цікавы фотамастак Баразна, па сумяшчальніцтве прарэктар Акадэміі мастацтва. Абыгрываецца расійскае слова «мниться» — гораду, маўляў, няма.

Бамбук. Суперніцтва дзьвюх «мастацка-культурніцкіх» ВНУ — БАМу (Беларускай акадэміі мастацтва) і БУКу (Беларускага ўнівэрсытэту культуры, цяпер, да таго ж, яшчэ й дзяржаўнага) — пэрыядычна нараджае чуткі пра тое, што варта было б аб’яднаць іх пад адным дахам. логіка назвы — элемэнтарная: БАМ+БУК=»бамбук».

Нямецкі цэнтар. Цэнтар ІВВ на Паўднёвым Захадзе (быў бы на Поўдні — наагул назвалі б «Паўднёвым цэнтрам»).

Сучасьнік. Музэй сучаснага і выяўленчага мастацтва.

Тры багатыры. Тры велічэзныя дамы на вуліцы Каліноўскага, 54 (карпусы, адпаведна, 1,2 і 3).

Скрыня. Палац мастацтваў. Таму што занадта квадратны.

Школка. ** Беларускі дзяржаўны педагагічны ўнівэрсытэт імя М.Танка ідзе на першым месцы па колькасці нефармальных назваў. Відаць, назва гэтай ВНУ ёсць крыніцаю для адмысловае творчасці.

Труна. ** Палац Рэспублікі, што на Кастрычніцкай плошчы, асацыюецца ў народу паспалітага чамусці з нечым злавесным (нагадаю ўжо друкаваныя ў «СD» назовы — Саркафаг, Маўзалей). Усе тры назвы зьвязаныя з не надта прыемнымі для чалавека рэчамі. А сама плошча, як кажуць, — гэта своеасаблівая рэтраспэктыва гісторыі мастацтва: ёсць Палац прафсаюзаў, збудаваны a la Парфэнон, ёсць маленькая эгіпэцкая пірамідка — цэнтар-помнік пачатку ўсіх дарог. Ёсць і Палац Рэспублікі, таксама ў эгіпэцкім стылі.

P.S. Аўтарка вельмі ўдзячная ўсім тым, хто дапамог у зборы матэрыялаў і не казаў, што заняты.