Правапіс·org

паводле В. І. Несцяровіча

**

Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з артыкула Несцяровіча, які быў надрукаваны ў энцыкляпэдыі «Беларуская Мова» (Менск:1994). Мушу адзначыць, што ў сваім артыкуле сярод даследнікаў Несцяровіч абыходзіць увагай доктара Янку Станкевіча. Ягонае імя ў артыкуле наагул не згадваецца, хаця менавіта Янка Станкевіч у 50-х гадох мінулага стагоддзя актыўна даследваў мову рукапісу Аль Кітабаў. (Ніжэй гл. адсканаваную вокладку ягонай працы MOVA RUKAPISU AL KITAB, якая дарэчы была цалкам напісаная лацінкай).

Уладзімір Каткоўскі

<img src=»kitab1.jpg» class=»zv» width=»270» height=»417» alt=»pravapis.org — Al Kitab manuscript — sacred Tatar books in Belarusian language and Arabic writing» /> Кітабы — кнігі, напісаныя на беларускай мове ў арабскай абэцэдзе. Ствараліся кітабы з 16-га стагоддзя татарамі, што жылі ў Беларусі, у Вялікім Княстве Літоўскім ў 14-15 стагоддзях і паступова забыліся на сваю родную мову. Дзеля захавання рэлігіі яны вымушаны былі перакласці Каран ды іншыя іслямскія кнігі на беларускую мову, захаваўшы пры гэтым арабскую абэцэду.

Зьмест кітабаў — усходнія легенды, казкі, прыгодніцкія аповеды, апісанні мусульманскіх рытуалаў, гэтак званы Мэрадж (паэма пра ўзьнясеннямагамэта ў не бёсы), маральна-этычныя павучанні для моладзі (пра шанаванне бацькоў, гасцей, жабракоў, сіротаў, суседзяў ды інш.), варажба па літарах Карана, разгадка сноў. Апрача кітабаў таксама існуюць тэфсіры (Каран з падрадковы камэнтаром па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (адмысловыя малітоўнікі).

Пачынаючы з 14 стагоддзя ў Беларусі пачалі сяліцца татары, адныя як ваеннапалонныя, другія — добраахвотна, у пошуках лепшага жыцця. Пэўны час яны захоўвалі свае традыцыі, культуры ды мову, але пакрысе далучаліся да беларускага культурнага кантэксту, забыліся на татарскую мову і перанялі беларускую. У 16-17 стагоддзях пераважная большасць вялікалітоўскіх татараў не ведала сваёй мовы. Як сьведчыць Рысале-і-татар-і лех (гэта цыдулка-справаздача 1557-1558 гадоў невядомага татарына турэцкаму султану Сулейману пра татараў-перасяленцаў ў Беларусі ды Літве), родную мову тады ведалі адно тыя татары, які перасяліліся ў Вялікае Княства значна пазьней. Тым, хто ўжо не разумеў па-татарску, прапаноўвалася: «Калі хто па-татарску не ўмее, то па-руску не хай абракайецца». Гэта вытрымка з тэксту першай паловы 18-га стагоддзя, «па-руску» мелася на ўвазе на старабеларускай мове, а «абракайецца» значыць «размаўляць». Гэтая акалічнасць вымусіла перакласці мусульманскую літаратуру на беларускую мову, захаваўшы вонкавае афармленне бязь зьменаў (у тым ліку абэцэду).

Вывучэнне кітабаў пачалося ў 19 стагоддзі. Іхным першаадкрывальнікам уважаецца прафэсар Пецярбурскага ўнівэрсытэту ўсходазнаўца А. В. Мухлінскі, які ў працы «Даследванне пра паходжанне ды стан літоўскіх татараў» (С-Пб., 1857) надрукаваў урыўкі з кітабаў і адзначыў, што «можна было бы стварыць з гэных кніг невялічкую бібліятэку». Па сьмерці навукоўцы (1877) вывучэнне тэкстаў кітабаў прыпынілася. Пра іх успомнілі толькі на пачатку 20-га стагоддзя (Янка Станкевіч, І. І. Луцкевіч, Я. Ф. Карскі, І. Ю. Крачкоўскі ды іншыя). Вельмі грунтоўна даследваў гэтыя тэксты А. К. Антановіч. У кнізе «Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом» (1968) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты (сярод іх 8 кітабаў), даў дэталёвую моўную характарыстыку, выказаўся пра месца і час узьнікнення кожнага з іх, разгледзеў графіку, дастасаваную татарамі да беларускай фанэтыкі, прывёў шэраг транслітараваных урыўкаў.

Кітабы напісаныя і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў беларускіх кнігах скончваецца. Колькасць бачынак у кожным кітабе розная — ад 70 да 1000. Радок суцэльны, няма падзелу між словамі, няма вялікай літары ды знакаў прыпынку. Перанос словаў падпарадкоўваецца аднаму правілу: кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім. Новы твор (раздзел) пачынаецца словамі »баб» (раздзел, пачатак новага зьместу) ці »хікайет» (аповесць, апавяданне). Іншым разам гэтых словаў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія таксама паказваюць на пачатак новага зьместу.

<img src=»belarusian_al_kitab1.jpg» width=»205» height=»500» alt=»Al Kitab — Arabic script, but this is written in Belarusian actually!» />

Урывак з легенды «Мэрадж».

Гэта напісана па-беларуску!

Мова кітабаў адрозьніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў, яна блізкая да беларускай народнай мовы. У тэкстах адлюстравалася беларуская лексыка ( спрэчка, заранак, прысмакі, згода, гадаваць ), фразэалогія ( як вокам мільгнуць, як слова сказаць, на сьвет пусціць, на пазногаць, шлюб браць ), беларускі сынтаксыс ( пайшоў па прароцкую душу, дзякаваць таварышу ). З дапамогай арабскай графікі, дастасаванай да беларускай фанэтыкі, больш дакладна, у параўнанні з кірылаўскімі пісьмовымі помнікамі, перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу дзеканне і цеканне, разнастайныя асыміляцыйныя зьмяненні, паколькі ў арабскай графіцы былі розныя літары для абазначэння парных гукаў, напрыклад с — сь, з — зь, д — дзь, т — ць: на сьвеце, зь вечара, зьнік, вернасьць, дзьверы.

Колькі транслітараваных урыўкаў з кітабаў: »Сюлейман казал собі палац вусокій збудова[ц]і… алі рыба одна мором плыне і стала… рэкла: — Господару Сюлеймане… пан Бог казал мні ў [ц]ебе йесь[ц]і піці просі[ц]ь. Сюлейман рэк: — Міла рыба. Праўда. Ото майеш што йесь[ц]і і пі[ц]і» (тэкст 17 стагоддзя); »Потым йешчэ варота адчынілісе… там відзеў адзін полк жанок… — Што гэтыйе на сьвеце чынілі? Ангел рэк: Малако свайе прэдавалі. У йіх усіх свае дзеці былі, свае пакінуўшы, чужыйе мамчылі» (тэкст 18 стагоддзя); »Што прас сон пабачыш. Калі сонца ўпатуху бачыць, гультайом будзе. Калі езьдзіць на караблі, абернецца, госць будзе» (тэкст 19 стагоддзя).

У кітабах выкарыстоўваюцца ўсходнія словы, якія абазначаюць разнастайныя мусульманскія рытуалы і рэлігійныя тэрміны: селам (салам, селям) — мусульманскае вітанне ў фразэалягізьме »даць селям» ; васійят (вэсійят) — духоўны запавет, джаназэ — малітва на могілках ды інш. Пераважная большасць гэткіх словаў улучаецца ў сыстэмныя адносіны (назоўнікі скланяюцца, дзеясловы спрагаюцца). нямала ўсходніх словаў атрымліваюць пад уплывам беларускай мовы іншыя формы. Напрыклад, слова »дуа» — малітва, просьба, заклік — прыняло памяншальна-ласкальную форму »дуайка» . Арабскае слова »кяфір» — не вернік — дало вытворныя кяфіры, кяфірскі, кяфіране . Як лічаць арабістыы, напрыклад У. П. Дзямідчык, гэткія словы нямаглі перакладацца. Яны інтэрнацыянальныя сярод мусульманаў, бо маюць больш чым канкрэтнае значэнне — прызнанне веры ў адзінага бога. Выкарыстанне гэтых словаў рытуальнае. Такія словы хоць і адчулі ўплыў беларускай мовы, але ў беларускую мову патрапіць нямаглі, бо кітабы нямаглі быць перадатчыкамі словаў у народна-дыялектную мову беларусаў з тае прычыны, што пісьменства мела замкнёны характар, беларусы не разумелі яго і нямаглі, паводле мусульманскіх канонаў, атрымаць доступ да яго.

Вывучэнне кітабаў дае каштоўны матэрыял для філолагаў, этнографаў, фальклярыстаў, гісторыкаў, іслямістаў, цюрколягаў, арабістаў. Кітабы захоўваюцца ў бібліятэках Акадэміі Навук Беларусі, Акадэміі Навук Летувы, Віленскім, Пецярбургскім ды Казанскім унівэрсытэтах, у Віленскім гісторыка-этнаграфічным музэі, у прыватных бібліятэках.

Літаратура:<img src=»belarusian_al_kitab2.jpg» class=»zv» width=»319» height=»390» alt=»Al Kitab article of Jan Stankievich about acred Tatar books in Belarusian language and Arabic script» />

  • Janka Stankievic. Mova rukapisu Al Kitab. Casc I. Fonetyka. New York 1954
  • Д-р Ян Станкевіч. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні. Вільня. 1933. Кніжка І. (Другі малюнак з урыўкам тэкста ўзяты з гэтага артыкулу)
  • Луцкевіч І. Ай-Кітаб-Кіцёп. «Беларускае жыццё». 1920. №6
  • Луцкевіч І. Ай Кітаб. Зб. «Наша Ніва». Вільня, 1920
  • Карскі Я. Ф. Беларуская мова арабскім пісьмом. Вести Нар. коммисариата просвещенияя ССРБ. 1922. №1\3
  • Шлюбскі А. Беларуская мова арабскай транскрыпцыяй. «Наш Край» 1926. №6-7
  • Вольскі В. Асноўныя прынцыпы арабскай транскрыпцыі беларускага тэксту ў «Кітабах». «Узвышша» 1927. №6
  • Вольскі В. Аб асаблівасцях жывой мовы беларускіх татар і арабскай транскрыпцыі «Алькітабаў». «Наш Край» 1927, №8-9
  • Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильня, 1968