Правапіс·org

Вінцэсь Мудроў, Полацак. 23.11.2000

У Полацку адбыўся першы гарадзкі фэстываль гэбрайскай кнігі. Прысьвечаны фэстываль быў выдатнай постаці жыдоўскай культуры, сыну беларускае зямлі Эліэзэру Бэн-Егудзе – чалавеку, які вярнуў да жыцця некалі амаль мёртвую мову іўрыт.

<img src=»benyehuda1.gif» width=»250» height=»128» alt=»Ben-Yehuda working» />Бэн-Егуда – ад нараджэння Лазар Пэрэльман – нарадзіўся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў мястэчку Лужкі навачаснага Шаркаўшчынскага раёну. У 13 гадоў хлопец быў аддадзены ў Полацкі ешыбот, і менавіта тут, у сценах духоўнай вучэльні душу ягоную апанавала старажытнагэбрайская мова, на якой была напісаная Тора.

Неўзабаве ягоны родны дзядзька, зразумеўшы, што рабіна з хлопца не атрымаецца, забраў Лазара да сябе – у мястэчка Глыбокае, каб далучыць да нейкай справы. Але хлопец нічым іншым, апрача вывучэння іўрыту, не хацеў займацца.

І вось, апынуўшыся ў Парыжы, куды дзядзька адправіў яго вучыцца на лекара, Лазар Пэрэльман вызначыў дзеля сябе жыццёвую мэту: адрадзіць іўрыт, зрабіўшы яго мовай габрэйскай нацыі. Бо, як лічыў Лазар, менавіта мова зьяўляецца тым цэмэнтам, які лучыць народ у нацыю. Ён узяў сабе псэўданім Бэн-Егуда, што значыць «сын Іўдзеі», і пачаў складаць слоўнік навачаснага іўрыту, грунтуючыся на слоўным матар’яле старажытнай Торы, пасля чаго быў абвешчаны сябрамі і знаёмцамі «ціхім вар’ятам».

Як сказаў у часе свайго выступлення на фэстывалі пісьменнік Аляксандар Чарніцкі, «у той час нават фанатычныя заўзятары адраджэння габрэйскай дзяржавы не давалі веры адраджэнню іўрыту і лічылі такія спробы недарэчным дзівацтвам. Але менавіта дзякуючы такім апантаным людзям, як Элязэр Бэн-Егуда, і чыняцца ў сьвеце вялікія справы. І сёння некалі мёртвая мова стала дзяржаўнай мовай Ізраілю.»

Аб неабходнасці стварэння музэя Бэн-Егуды на ягонай радзіме казаў у сваёй прамове краязнавец з Лужку Эдмунд Гірын. Праца такая, паводле сп.Гірына, ужо пачалася. А ягоная калега – краязнаўца Ада Райчонак – заклікала стварыць такі музэй агульным высілкам габрэяў і беларусаў.

English summary: Polacak (Polatsk), a city in the northeast of Belarus, hosted the first Jewish book festival in honor of Ben-Yehuda. Eliazar Ben-Yehuda, the «father of modern Hebrew», was born in a Belarusian town Luzhki, from age 13 he attended religious academy «yeshiva» in Polacak (Polatsk). Festival participants shared their plans to open Ben-Yehuda’s museum in his birth place in Luzhki, which would become a joint Belarusian-Jewish cultural project.

© Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.