Правапіс·org

Аліса Бізяева, 2002-06-4

Uladzimir Katkouski, pravapis.org founder and webteam leaderНа рэсурсе пра беларускую мову Pravapis.org не даўна зьявілася цікавае даследванне гэтак званага «беларускага netspeak” — гаворкі, якую ўжываюць беларускамоўныя карыстальнікі сеціва (www.pravapis.org/articles/art_netspeak.html). Мы гутарым з Уладзімірам Каткоўскім, аўтарам даследвання й стваральнікам рэсурсу Pravapis.org. Мовазнаўства — адно з захапленняў гэтага разнабаковага чалавека, а асноўная спэцыялізацыя — праграмаванне. Цяпер ён працуе ў не меччыне IT-аналістам кампаніі Accenture, тымчасам як ягоныя аватары rydel n23 і Эсмэральда актыўна дзейнічаюць у беларускім сеціве, на беларускіх дыскусійных пляцоўках. Ствараецца ўражанне, што яны ўсюдыісныя, і нішто не ўнікае іхнага дапытлівага позірку. *– Інтэрнэт і сапраўды дапамагае зьвязаць усё з усім, у тым ліку Беларусь з астатнім сьветам? Што ты думаеш на гэты конт? Таксама раскажы, калі ласка, у чым місія pravapis.org. Мяркуючы па водгуках і статыстыцы, наколькі запатрабаваны гэты праект?* – Бясспрэчна, зьяўленне Інтэрнэту (у кантэксце Беларусі) дала нам, беларусам, магчымасць лепш рэпрэзэнтаваць сваю краіну. Мы вельмі доўга жылі «чужым жыццём”, у чужой інфармацыйнай абшары (расійская імпэрыя, потым СССР), і ўся інфармацыя пра нас у замежжы зьяўлялася праз расійскія крыніцы, які цяжка назваць аб’ектыўнымі. Пашырэнне Інтэрнэту дазволіла нам досыць хутка зьліквідаваць гэтую «белую пляму” (ці хутчэй перафарбаваць пляму ў тый колер, які больш нам адпавядае). Паводле пашукавіка google.com у больш як 2 мільёнах вэб-старонак прысутнічае слова “Belarus”. Цяпер мы самі можам расказаць пра сябе. Наагул, сеціва — гэта сродак камунікацыі, які можа зьвязваць, а можа раздзяляць. Як ён злучае, гэта зразумела ўсім, хто бываў у інэце. А як разлучае і дзеліць? Па-першае, гэта спам, кібэрвойны, хакінг (напрыклад, падчас апошняй он-ляйн канфэрэнцыі аднаго беларускага палітыка быў зьнішчаны ўвесь сайт той палітычнай арганізацыі, на чыёй бачыне адбываўся чат). Па-другое, прыгадайма майстэрства флэйму. У рэале ён папросту немагчымы! Па-трэцяе, успомнім пра сямейныя сваркі, калі адзін з партнэраў «падсажваецца” на інтэрнэт і губляе ўсялякі інтарэс да людзей у рэчаіснасці. Скандальныя разводы з гэтай нагоды ўжо не зьяўляюцца навінай. Місія Pravapis.org — злучальная. Мая мэта — злучыць дзьве групы людзей, якія ніколі раней не сутыкаліся. Рэч у тым, што аўдыторыя сайта падзеленая на дзьве вельмі адрозныя «палавінкі”. Першая — англамоўныя наведнікі, якія цікавяцца беларускай мовай ды культурай. А другая — беларускамоўныя ўдзельнікі, якія цікавяцца філалогіяй, лінгвістыкай, папросту нашай мовай ва ўсіх аспэктах. Зь іх толькі адна «палавінка” з большага раскручаная: Pravapis.org добра вядомы сярод нашых мовазнаўцаў і філолагаў. Раскруткай другой часткі я яшчэ не займаўся, бо гэта рабіць зарана. База англамоўных артыкулаў яшчэ занадта малая. Я не хачу купляць AdWord (рэклямныя ключавыя слова ны google), каб потым плаціць 10-20 цэнтаў за кожнага наведніка і прыводзіць яго на паўпусты сайт, дзе на дадзены момант можна ўбачыць толькі 5-6 артыкулаў па-ангельску. Аднак я маю пляны ў бліжэйшыя некалькі месяцаў дадаць шмат артыкулаў на ангельскай мове. Тады і займуся англамоўнымі. Патэнцыйна, гэтая частка маёй аўдыторыі можа быць значна большая па памеры за беларускую. Але якасна яны адрозьніваюцца. Гэта хутчэй будуць наведнікі амаль з нулявымі ведамі, якія будуць шукаць самую базавую інфармацыю, накшталт электроннай вэрсіі размоўніка ці сьпісу асноўных выразаў. Іх будзе цікавіць, як сказаць «зь днём народзінаў” альбо «я цябе кахаю” па-беларуску (каб уразіць віртуальную незнаёмку), а не артыкул пра тое, ці можна разглядаць клічную форму як асобны сёмы склон. Калі казаць пра канкрэтныя лічбы на дадзены момант: звычайна прыходзяць каля 30 чалавек штодня, але калі зьяўляецца новы артыкул ці ўтыліта, то сягае да 150 ўнікальных у дзень. Я маю лічыльнік Акавіты, і мая статыстыка адкрытая для ўсіх. *– Што пра беларускі Інтэрнэт ведаюць у сьвеце? Як беларускі Інтэрнэт уплывае на погляды замежнікаў на беларусаў?* – Я ж не Jeeves, каб на такія скамплікаваныя пытанні даваць адказы *(усьміхаецца)* . Але я думаю, што ўплывае зусім слаба. Я нават думаю, што чацьвертае мейсца па хакею на зімовай алімпіядзе выклікала значна мацнейшы розгалас, чым усе нашы вэб-старонкі за ўвесь час існавання Інтэрнэту. Хаця сур’ёзны артыкул у нэце пра Беларусь для англамоўнага навукоўца і спартовы посьпех Макса Мірнага ці беларускай хакейнай дружыны – гэта якасна розныя рэчы. Канечне, ёсць некалькі адносна папулярных вэб-старонак пра Беларусь на ангельскай мове (Віртуальны гід па Беларусі, Belarus Miscellany, Academy of Science Links Collection), але гэта дробненькая кропелька ў вялікім забруджаным акіяне WWW. *– Для многіх людзей Інтэрнэт — адзіная магчымасць размаўляць на роднай мове. Як ты думаеш, ці магчыма, што гэта паспрыяе разьвіццю беларушчыны ў рэальным жыцці?* – Адно ёсць люстэркам другога. Беларуская мова ў сеціве пачуваецца добра, і я назіраю, як ейная сфэра ўжытку з кожным годам значна пашыраецца. Значыць напэўна і ў рэчаіснасці адбываецца нешта падобнае (хаця дакладна паралелі праводзіць небясьпечна і не заўсёды правільна). У вольных абшарах сеціва экспансію беларускага слова нішто не спыняе, і мы бачым натуральнае разьвіццё беларушчыны. *– Як табе, дарэчы, мова Farba.net, нейкія дзіўныя канчаткі?* – Ці толькі канчаткі? Я табе скажу, Вячоркі на іх няма *(сьмяецца)* . Калі больш сур’ёзна, то ім патрэбны прафэсійны карэктар і стыль-рэдактар. Наагул, шмат чаго можна параіць. Я толькі два нумары бачыў і пакуль не хачу задужа крытыкаваць маладое пэрспэктыўнае он-ляйн выданне. Пра зьмест наагул — no comment. Аднак, трэба заўважыць, што зьяўленне беларускамоўнай pop-culture зьява абсалютна новая, магчыма нават рэвалюцыйная. *– Раней людзі, якіх не шмат было ў сеціве, займаліся ўсім адразу. Зараз суполка падзялілася на тых, хто стварае інтэрнэт (і карыстаецца збольшага спецыялізаванымі рэсурсамі) і тых, хто яго спажывае. Як гэта ўплывае на зьмест і характар сеціва?* – Спэцыялізацыя — гэта добрая і натуральная зьява. І я гарачы яе прыхільнік. Гэта гарантуе лепшую якасць ва ўсіх аспэктах. То бок, скрыпт будзе працаваць без багаў, здымак будзе выглядаць як з вокладкі часопіса Cosmopolitan, тэкст будзе якасны і без памылак. не хай фірма сэртыфікуюцца па ISO 9001, не хай флэш-аніматар не робіць анічога апрача флэшак, не хай спэцыяліст па PHP піша толькі скрыпты і канфігуруе Apache, не хай спэцыяліст па usability праверае кожную спасылачку на «юзабельнасць”. Гэта цудоўна. Гэта гарант лепшай якасці канчатковага прадукту. А аматарскія праекты ўсё адно застануцца. Наагул, ля вытокаў кожнага выбітнага вэбсайта амаль заўсёды стаіць адзін энтузіяст, які і ёсць душой праекту, ягоным рухавіком (але ці трэба называць яго аматарам?). *– Давай пагаворым пра універсалізм людзей, якія працуюць у Інтэрнэце. Ці думаў ты калі-небудзь, што тыя, хто трапіў у Інтэрнэт даўно абавязкова незвычайны самі па сабе людзі?* – Можа толькі ў тым сэнсе, што піянэры заўжды недзе наперадзе і таму з шэрага натоўпу выдзяляюцца заўсёды. Яны звычайна маюць большы досьвед як у тэхнічных, так і ў сацыяльных аспэктах сецявога жыцця, сапраўды разумеюць, што такое *netiquette* , адсочваюць усе апошнія тэхналягічныя навінкі. Але тое, што яны былі наперадзе, не гарантуе ім посьпеху ў будучыні. Інтэрнэт — гэта такі мэдыюм, дзе сытуацыя мяняецца вельмі хутка. Каб заставацца наперадзе, трэба ўвесь час прыкладаць вялікія намаганні. І заставацца наверсе хвалі. *– Якія рэсурсы патрэбныя беларусам больш за ўсё, каб наш Інтэрнэт быў цікавы для замежнікаў?* – А навошта нам іх прывабліваць? Я проста не бачу сэнсу. Як казаў клясык, «байнэт — для беларусаў” *(сьмяеецца)* . Ведаеш, Аліса, мы, беларусы, часта самі сабе нецікавыя, а ты патрабуеш цікавасці да нас звонку. Я думаю, тут дзейнічае вельмі простае правіла: калі мы будзем *ім* цікавыя, яны *самі* створаць сайты пра нас. Вось толькі некалькі сайтаў, створаных у замежжы пра нас: www.belarusguide.com, www.belarus-misc.org, www.bialorus.pl, www.belarusnews.de, www.vitryssland.nu, www.belarus.cz.

    • Аліса Бізяева